ЦВК адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп шэрагу „кандыдатаў пратэсту”
Цэнтрвыбаркам на пасяджэнні 15 траўня адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўных груп шэрагу так званых кандыдатаў пратэсту — прыхільнікаў апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча.
Гаворка ідзе пра Анжаліку Жалезнякову, Вераніку Мішчанку, Аляксандра Грачышнікава, Антаніну Вішнякову, Валянціна Фралова, Вольгу Нікалайчык, Вікторыю Хатэнку, Ігара Клешчука.
Як заявіла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, прычына адмовы ў рэгістрацыі — парушэнне патрабаванняў Выбарчага кодэкса, у тым ліку „парушэнне прынцыпу добраахвотнасці пры фармаванні ініцыятыўных груп”.
„Мы ўбачылі, што ў 27 асоб (усе кандыдаты пратэсту. — БелаПАН.), якія падалі дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных групы, у складах груп практычна адны і тыя ж людзі, — сказала Ярмошына. — І мы, зразумела, сталі пытацца ў названых асоб, якія супадаюць ва ўсіх спісах, ці давалі яны згоду сапраўды збіраць подпісы ў падтрымку вылучэння такой вялікай колькасці кандыдатаў. Можна меркаваць, што ў іх з сабой будзе 27 падпісных лістоў на кожную асобу. Па законе не забаронена, што адна і тая ж асоба можа ўваходзіць у склад розных ініцыятыўных груп. Па законе можна, і гэта сустракаецца. Але гэта не выклікае сумненняў, калі, скажам, у дачыненні да двух чалавек збіраюцца подпісы, але для такой вялікай колькасці людзей — гэта выклікае сумненні”.
Загадчыца аддзела прававой, аналітычнай і метадычнай работы ЦВК Галіна Мкртычан патлумачыла:”У названых спісах у дачыненні прыкладна да 50 грамадзян дапушчаныя памылкі і недакладнасці пры напісанні дадзеных — скажоныя шэраг прозвішчаў і імёнаў, даты нараджэння, пашпартныя дадзеныя, пазначаны недакладныя адрасы месцаў пражывання членаў ініцыятыўных груп”.
Пры гэтым яна адзначыла, што ўсе групы былі сфарміраваныя ў складзе як мінімум 200 чалавек, таму нават выключэнне тых, чые дадзеныя былі пазначаны няправільна, ніяк не ўплывае на колькасны склад групы, неабходны для рэгістрацыі.
„А вось што тычыцца парадку фарміравання групы, то тут мы таксама ажыццявілі праверачку не толькі сваімі сіламі, але і звярнуліся да мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, каб яны нам таксама аказалі садзейнічанне, — сказала Мкртычан. — Падчас праверкі было высветлена: большасць намі апытаных заявілі, што дадзеныя пра іх як пра членаў ініцыятыўнай групы былі ўнесены ў спіс без іх ведама і згоды. Апытаныя таксама не маглі патлумачыць, аб якой ініцыятыўнай групе ідзе гаворка і чым ім трэба займацца”.
„У прыватнасці, дзесяць чалавек былі ўключаны ва ўсе згаданыя групы, але яны былі здзіўлены гэтым фактам, — адзначыла Мкртычан. — Толькі адна з іх растлумачыла, што мела намер удзельнічаць у ініцыятыўнай групе па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Мікалая Статкевіча. Аналагічную інфармацыю паведамілі яшчэ шэраг чалавек, і яны даведаліся, што ўключаны ў склад ініцыятыўнай групы толькі падчас таго ж апытання, якое праводзілася. Я сама размаўляла з Быкавай Алай Уладзіміраўнай, якая пацвердзіла толькі добраахвотнасць свайго ўдзелу ў групе Жалезняковай і Статкевіча. Уласава Святлана Анатольеўна патлумачыла, што акрамя Статкевіча нікога наогул не ведае, а ёй сімпатычны Бабарыка. Рабаў Уладзімір Мікалаевіч паведаміў, што мае намер збіраць подпісы ў падтрымку Грачышнікава, Жалезняковай і Ціханоўскага. Шчамялёва Наталля Мікалаеўна пацвердзіла свой удзел толькі ў групе Ціханоўскага і Статкевіча, але не ў тых групах, якія я да гэтага назвала”.
Мкртычан патлумачыла, што гаворка ідзе толькі аб тых грамадзянах, чые дадзеныя ўтрымліваюцца ў спісах ініцыятыўных груп васьмі прэтэндэнтаў, якія разглядаюцца сёння. „Гэта нам дазваляе ўсумніцца, што гэтыя ініцыятыўныя групы былі сфарміраваныя з захаваннем прынцыпу добраахвотнага ўдзелу ў выбарах, які з’яўляецца адным з асноватворных. Як так атрымалася, што гэтых людзей уключылі ў склад ініцыятыўных груп, але ім пра гэта невядома?” — сказала яна.
Анжаліка Жалезнякова заявіла, што не згодная з прэтэнзіямі ЦВК. „Я сама асабіста складала гэтыя спісы, — сказала яна. — Гэта нашы знаёмыя, сваякі, партыйцы, якія выказалі згоду быць у ініцыятыўнай групе ва ўсіх кандыдатаў пратэсту — 30 чалавек. Многія не ведалі па прозвішчах кандыдатаў. Але я асабіста кожнага абзвоньвала, гэта заняло вельмі шмат часу ў нас. Вы хацелі за дзень абтэлефанаваць усіх. Учора асабіста маёй маме тэлефанавалі з ЦВК, пытанні задавалі блытана, яна назвала прозвішча Статкевіча, маё прозвішча і ўсіх астатніх сумленных людзей, акрамя Лукашэнкі. Так многім задаваліся пытанні: грошы ці вам плацілі? А вас Статкевіч не прымушаў? Таму людзі не ведаюць усіх па прозвішчах, але менавіта за кандыдатаў пратэсту кожны даў згоду”.
Ярмошына ўдакладніла ў яе: „Дык вы што, лічыце, што кандыдатам у прэзідэнты можа быць нейкі калектыўны кандыдат пратэсту, а не індывідуальны чалавек?”
„Гэта не калектыўны. Гэта меркаванне людзей, і яны маюць на гэта права”, — адказала Жалезнякова.
„Дарэчы, вы хочаце быць кандыдатам у прэзідэнты? Чаму? Мікалай Віктаравіч (Статкевіч. — БелаПАН.) сказаў, што вы не збіраецеся подпісы збіраць усе групамі, а толькі будзеце пікеты ладзіць”, — працягнула Ярмошына.
„Паглядзім, — адказала Жалезнякова. — Я супраць таго, каб аб’ядноўваць нас усіх. Разглядайце асобна мае дакументы”.
Ярмошына на гэта патлумачыла, што дакументы кожнага прэтэндэнта разглядаліся асобна. „Але паколькі група ў вас адна, то агульныя ёсць законы яе фарміравання”, — сказала яна.
Ігар Кляшчук пацікавіўся, як паспелі абтэлефанаваць усіх 500 чалавек, якія пазначаны ў яго ў спісе ініцыятыўнай групы.
„Мы не тэлефанавалі ўсім, — адказала Ярмошына. — Тэлефанавалі тым, якія ў вас супадаюць, якія ў вас агульныя для ўсіх. Гэта па-першае. А па-другое, гэта было, натуральна, павярхоўнае апытанне. Мы не абавязаныя апытваць усіх абсалютна. Гэта наша права праводзіць выбарачныя праверкі, мы самі вызначаем парадак праверкі”.
Валянцін Фралоў заявіў, што калі прадстаўнікі ЦВК захочуць, то „больш за 100 чалавек могуць прыйсці сюды (да будынка ЦВК. — БелаПАН.) і пацвердзіць свой удзел у ініцыятыўнай групе”.
„Калі яны прыйдуць, то вы выдатна ведаеце, што гэта незаконная акцыя, — пракаментавала Ярмошына. — Не пагражайце, калі ласка, не шантажуйце. Гэты націск на Цэнтральную камісію — адміністрацыйнае правапарушэнне”.
Аляксандр Грачышнікаў заявіў, што мае намер збіраць подпісы за сваё вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты. Ён таксама папрасіў даць раздрукоўкі тэлефонных размоў, якія праводзіліся пры апытанні грамадзян, уключаных у ініцыятыўныя групы, дзе было б відаць час і працягласць размовы ў якасці дакументальнага пацвярджэння таго, што такія званкі сапраўды праводзіліся.
Ярмошына на гэта адказала, што такую інфармацыю ў ЦВК можа запатрабаваць Вярхоўны суд, калі палічыць гэта неабходным пры разглядзе скаргі на адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы.
belapan.by