ЦВК адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Жанны Раманоўскай
Цэнтрвыбаркам на пасяджэнні 19 траўня адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Жанны Раманоўскай — беспрацоўнай менчанкі 1967 года нараджэння.
Як паведаміла сакратар ЦВК Алена Дмухайла, у пададзеных спісах значацца 109 чалавек. „Шэсць чалавек пазначаныя ў спісе двойчы. Чатыры чалавекі з гэтага спіса, згодна са звесткамі органаў унутраных спраў, з’яўляюцца памерлымі. У дачыненні да 16 грамадзян не адпавядаюць рэчаіснасці звесткі пра іх (прозвішчы, месца жыхарства, нумары пашпартоў. — БелаПАН.). Такім чынам, у спісе членаў ініцыятыўнай групы застаецца толькі 82 чалавекі. У адпаведнасці з заканадаўствам неабходна не менш за 100 чалавек”, — нагадала Дмухайла.
Раманоўская растлумачыла недакладнасці тым, што „было вельмі мала часу для падрыхтоўкі і падавання інфармацыі аб членах ініцыятыўнай групы”. „Я мінулую перадвыбарную кампанію таксама ўдзельнічала ў гэтай працэдуры, і, спадзеючыся на тое, што людзі мяне падтрымліваюць, тыя людзі, якія мне падавалі гэтую інфармацыю па складзе ініцыятыўнай групы, верагодна, не зусім карэктна праверылі інфармацыю, таму атрымалася такая аказія. Але я б хацела прасіць камісію ўсё ж такі даць магчымасць мне ўдзельнічаць у гэтай перадвыбарнай кампаніі”, — сказала Раманоўская, дадаўшы, што недакладнасці, звязаныя з непаказаннем правільных нумароў пашпартоў, будуць выпраўленыя.
Дмухайла ў адказ заявіла, што заканадаўства гэтага не дазваляе.
У сваю чаргу старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына сказала: „Жанна Мікалаеўна, Цэнтральная камісія з вялікай сімпатыяй ставіцца да вас. Шчыра кажучы, вы нам вельмі падабаецеся. Тым больш, мы вас памятаем добра па мінулай выбарчай кампаніі. Тым не менш у Цэнтральнай камісіі ёсць некалькі безумоўных умоў, калі яна можа зарэгістраваць групу. І адно з іх — каб група складалася са 100 чалавек і больш. Тое, што менш за 100 чалавек, — калі мы на вашу просьбу адгукнемся і зарэгіструем, то пракуроры апратэстуюць наша рашэнне як незаконнае”.
Усе ўдзельнікі пасяджэння аднагалосна прагаласавалі за адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы.
Пасля сыходу Раманоўскай Ярмошына назвала яе „мілай і прыемнай жанчынай”. „Так і хочацца зарэгістраваць, сама не дае, — дадала кіраўнік ЦВК. — Мы, на жаль, яе пазбавілі галоўнага — яна разлічвала сёння на тэлебачанне, на публічнасць нейкую”.
На пасяджэнні ЦВК з-за каранавіруса журналістаў не запрашаюць, трансляцыя вядзецца на сайце камісіі.