ЦВК адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп яшчэ 18 „кандыдатаў пратэсту”
Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў на пасяджэнні 19 траўня адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп яшчэ 18 так званых кандыдатаў пратэсту — прыхільнікаў апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча.
Не зарэгістраваныя групы Дзмітрыя Кудраўца, Пятра Карабанава, Мікалая Саляніка, Тамары Патоцкай, Уладзіміра Неўмяржыцкага, Рэгіны Беркус, Аляксандра Якушкова, Алены Давыдавай, Аляксандра Школьнікава, Уладзіміра Кійко, Юрыя Новікава, Юрыя Чудзіновіча, Сяргея Статкевіча, Віктара Шорца, Юрыя Касача, Аляксандра Абрамовіча, Наталлі Стрэльчанкі і Аляксея Зуевіча.
Прычынай адмовы для большасці з іх стала парушэнне прынцыпу добраахвотнасці пры фармаванні ініцыятыўных груп. Людзі, якім тэлефанавалі з праверкай, не пацвярджалі, што давалі згоду на ўдзел у ініцыятыўнай групе канкрэтна гэтага кандыдата, заявіла загадчыца аддзела прававой, аналітычнай і метадычнай працы ЦВК Галіна Мкртычан.
Паводле яе слоў, на 70% спісы ініцыятыўных груп гэтых кандыдатаў супадаюць, у многіх кіраўніком ініцыятыўнай групы пазначаны Мікалай Статкевіч.
Акрамя таго, адзначыла Мкртычан, пазначаныя недакладныя звесткі аб месцы жыхарства, серыі і нумары пашпартоў некаторых членаў груп.
„Па сутнасці справы, ва ўсіх прэтэндэнтаў, якія ўваходзяць у гэтую групу, існуе агульная, так бы мовіць, загана: яны ўключалі адных і тых жа асоб, многіх з іх яны перадавалі адзін аднаму без згоды, — сказала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. — Іх прыблізна 30 такіх кандыдатаў. Я не выключаю, што камусьці з 30 ці нават з большай колькасці тыя ці іншыя грамадзяне давалі згоду на працу. Але, натуральна, яны проста не маглі даць згоду ўсім патэнцыйным кандыдатам. Падчас праверкі гэта і выяўляецца. Людзі проста не ведаюць гэтых людзей і не могуць назваць іх прозвішчы”.
Аляксандру Школьнікаву адмоўлена ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў сувязі з тым, што ён не адпавядае патрабаванням, якія да кандыдата ў прэзідэнты выстаўляе заканадаўства. „У адпаведнасці з палажэннем часткі 1 артыкула 57 Выбарчага кодэкса кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь можа быць толькі грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнні, — сказала Мкртычан. — Гэтая норма раскрываецца ў артыкуле 8 закона аб грамадзянстве. Грамадзянамі Рэспублікі Беларусь па нараджэнні прызнаюцца асобы, якія нарадзіліся ў межах сучаснай тэрыторыі Беларусі, з’яўляліся грамадзянамі былога СССР па нараджэнні i атрымалі грамадзянства Рэспублікі Беларусь да ўступлення ў сілу гэтага закона. Паводле звестак пашпарта, пададзеных у Цэнтральную камісію Школьнікавым, ён нарадзіўся ў вёсцы Мыткі Вінніцкай вобласці Украіны”.
Юрыю Касачу адмоўлена ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў сувязі з наяўнасцю непагашанай судзімасці. „Згодна са звесткамі МУС, у 2017 годзе быў прыгавораны на падставе арт. 242 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад пагашэння крэдыторскай запазычанасці) да штрафу 8.050 рублёў, — сказала Мкртычан. — Паколькі звестак аб выплаце штрафу няма, то лічыцца, што судзімасць у яго па гэтым артыкуле не пагашаная”.
Пры праверцы дакументаў Уладзіміра Кійко, Юрыя Новікава і Юрыя Чудзіновіча, ад якіх напярэдадні ў ЦВК паступілі абноўленыя спісы, была ўстаноўленая адсутнасць пашпартных звестак большасці членаў ініцыятыўнай групы. Людзей, чые даныя пазначаныя цалкам у адпаведнасці з патрабаванням Выбарчага кодэкса, у гэтых спісах апынулася менш за 100, сказала прадстаўнік ЦВК.
Аналагічная сітуацыя ўзнікла і са спісам членаў ініцыятыўнай групы Марыны Адамовіч, якой сёння раней ЦВК таксама адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы.
„Спіс падаваў і падпісваў Статкевіч. Ён жа яго і рабіў. І, напэўна, выканаўцы адны і тыя ж што ў Адамовіч, што ў гэтага Кійко. Кійко і не ведае, што яны спіс мянялі. Проста яны вырашылі, што называецца, падмануць Цэнтральную камісію, — выказала меркаванне Ярмошына. — Я баюся, спадарыню Адамовіч сёння чакае сямейная сцэна. Гэта яна ўчора прыносіла гэтыя ўсе дакументы без пашпартоў”.