ЦВК акрэдытавала 41 замежнага назіральніка на мясцовыя выбары



Цэнтрвыбаркам акрэдытаваў 41 замежнага дыпламата для ўдзелу ў назіранні за правядзеннем выбараў у мясцовыя саветы дваццаць восьмага склікання.

На мясцовыя выбары ў Беларусі замежныя назіральнікі не запрашаюцца. Аднак па традыцыі акрэдытаваныя ў краіне прадстаўнікі дыпламатычных ведамстваў змогуць прыняць удзел у назіранні.

Акрэдытацыйныя пасведчанні, паведамляе сайт Цэнтральнай камісіі, ужо атрымалі прадстаўнікі пасольстваў Вялікабрытаніі (тры чалавекі), Францыі (два), Расіі (дзесяць), ЗША (восем), Венгрыі (адзін), Літвы (13), Швецыі (два), аддзяленні пасольства швейцарскай Канфедэрацыі (адзін), а таксама прадстаўніцтвы Еўрасаюза ў Беларусі (адзін).

Замежныя назіральнікі змогуць атрымліваць інфармацыю пра колькасць выбаршчыкаў на ўчастку, а таксама дадзеныя аб колькасці прагаласаваўшых. Ім дазволена знаходзіцца на пасяджэннях любых выбарчых камісій да заканчэння падліку галасоў.

На мясцовых выбарах 2010 года колькасць замежных назіральнікаў склала 50 чалавек, 2014-га — усяго 15.

Мясцовыя выбары адбудуцца ў Беларусі 18 лютага.  БелаПАН