ЦВК: Датэрмінова прагаласавалі 41,7% выбаршчыкаў



За пяць дзён датэрміновага галасавання на прэзідэнцкіх выбарах яўка выбаршчыкаў склала 41,7%. Такія звесткі апублікаваныя на сайце Цэнтрвыбаркама.

У Берасцейскай вобласці яўка склала 38,4%, у Віцебскай — 39,34%, Гомельскай — 54,44%, Гарадзенскай — 38,6%, Менскай — 39,66%, Магілёўскай — 49,92%.

У Менску, паводле звестак ЦВК, датэрмінова прагаласавалі 33,4% выбаршчыкаў.

Яўка па выніках першага дня склала 4,98%, другога — 12,76%, трэцяга — 22,49%, чацвёртага — 32,26%.

На папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах, у 2015 годзе, у датэрміновым галасаванні прыняло ўдзел 36,05% выбаршчыкаў, а на выбарах кіраўніка дзяржавы 2010 года — 23,1%.

Сёння — асноўны дзень галасавання на выбарах прэзідэнта Беларусі. На гэтую пасаду прэтэндуюць пяць кандыдатаў: Андрэй Дзмітрыеў — сустаршыня грамадскага аб’яднання „Гавары праўду”, Ганна Канапацкая — былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Аляксандр Лукашэнка — дзейны кіраўнік дзяржавы, Святлана Ціханоўская — жонка блогера і палітвязня Сяргея Ціханоўскага, Сяргей Чэрачэнь — старшыня партыі „Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада”.

Для галасавання на выбарах створана 5.767 участкаў, у тым ліку 44 — за мяжой.

Асаблівасцю цяперашняй кампаніі з’яўляецца адсутнасць заходніх назіральнікаў, якія не змаглі прыехаць у Беларусь у сувязі з тым, што своечасова не атрымалі запрашэння ад беларускіх уладаў.

Сёлета пры датэрміновым галасаванні на выбарчых участках павінна знаходзіцца не больш за тры назіральнікі — такое рашэнне ЦВК прыняла „ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй”. Аднак праваабаронцы лічаць, што такім чынам Цэнтрвыбаркам „стварыў умовы для маніпуляцый, зрабіў выбарчы працэс яшчэ больш закрытым для грамадскасці”. Большасць дапушчаных на ўчасткі назіральнікаў прадстаўляюць прадзяржаўныя грамадскія аб’яднанні, што робіць выбарчы працэс цалкам недаступным для незалежнага назірання і нетранспарэнтным, заявіла кампанія „Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

У сваю чаргу кампанія назірання „Права выбару — 2020” заявіла пра „беспрэцэдэнтна высокі націск на незалежных назіральнікаў” на гэтых выбарах. За чатыры дні датэрміновага галасавання былі арыштаваныя або затрыманыя да суда 17 назіральнікаў „Права выбару”. На большасці выбарчых участкаў афіцыйная колькасць тых, хто прагаласаваў, значна перавышае звесткі назіральнікаў.

IT-спецыялісты і неабыякавыя грамадзяне стварылі інтэрнэт-платформу „Голас”, мэта якой — зрабіць працэс падліку галасоў больш празрыстым. 6 жніўня Аляксандр Лукашэнка даручыў Генпракуратуры ацаніць законнасць ініцыятыў па альтэрнатыўным падліку галасоў у дзень выбараў. На наступную раніцу Генпракуратура распаўсюдзіла паведамленне, у якім папярэдзіла аб незаконнасці альтэрнатыўнага падліку галасоў. Між тым ужо блізу сярэдзіны дня 8 жніўня на платформе „Голас” зарэгістравалася больш за мільён выбаршчыкаў.

Прэзідэнцкая кампанія 2020 года адзначаецца жорсткімі дзеяннямі ўладаў у дачыненні да альтэрнатыўных удзельнікаў выбараў, іх прыхільнікаў і ўдзельнікаў мірных пратэстаў. Занепакоенасць грубымі парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі выказала міжнародная праваабарончая супольнасць, ЕС і еўрапейскія інстытуты, а таксама асобныя краіны і іх лідары. Яны заклікалі беларускія ўлады ўстрымацца ад гвалту ў дачыненні да ўласных грамадзян.

belapan.by