Лазавік: Другога тура не будзе



Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць у адзін тур. Гэта ўскосна пацвердзіў сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік, адказваючы на пытанні журналістаў 11 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Менску.

«Члены выбарчых камісій, якія цяпер працуюць, праз два тыдні могуць ісці ў адпачынак», — сказаў ён, адказваючы на пытанне, ці спатрэбіцца другі тур галасавання.

Лазавік паведаміў, што яму ўжо вядомыя вынікі галасавання на закрытых участках, утвораных у вайсковых частках, санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах, іншых арганізацыях аховы здароўя, якія аказваюць дапамогу ў стацыянарных умовах, піша БелаПАН.

Паводле яго слоў, вынікі галасавання на гэтых участках з’яўляюцца «фотаздымкамі галасавання па рэгіёнах». Аднак пакуль Лазавік адмовіўся назваць лічбы, бо, паводле яго слоў, яны могуць аказаць агітацыйнае ўздзеянне на тых выбаршчыкаў, якія яшчэ не прагаласавалі. Таму звесткі галасавання на закрытых участках будуць аб’яўленыя пасля закрыцця выбарчых участкаў, якія працуюць да 20.00.