ЦВК не будзе адмяняць абмежаванне па колькасці назіральнікаў
Цэнтрвыбаркам не мае намеру адмяняць уведзеныя абмежаванні на колькасць адначасова прысутных назіральнікаў у памяшканнях камісіяў для галасавання на прэзідэнцкіх выбарах. Уведзеная норма прадугледжвае да пяці ў асноўны дзень 9 жніўня і да трох у дні датэрміновага галасавання з 4 па 8 жніўня.
У адказ на «шматлікія звароты» ЦВК паведаміла, што Выбарчым кодэксам устаноўленае яе права вызначаць парадак прысутнасці назіральнікаў пры правядзенні выбараў.
Цытата з адказу ЦВК: «Падстаў для адмены пастановы Цэнтральнай камісіі ва ўмовах, калі распаўсюджванне каронавіруснай інфекцыі цалкам не спыненае, няма. Звесткі Міністэрства аховы здароўя, якія публікуюцца штодня, сведчаць аб тым, што захварэлыя яшчэ выяўляюцца». Акрамя таго, «канстытуцыйных падстаў для патрабаванага некаторымі заяўнікамі пераносу выбараў няма».
Беларускае Радыё Рацыя