ЦВК не зарэгістраваў кандыдатам у прэзідэнты Віктара Бабарыку



Былы старшыня праўлення ААТ „Белгазпрамбанк” Віктар Бабарыка не зарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Такое рашэнне прыняла 14 ліпеня Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.

Прычына нерегістрацыі: недакладнасці ў дэкларацыі маёмасці і незаконнае выкарыстанне замежнай фінансавай дапамогі падчас выбарчай кампаніі.

 Штаб Віктара Бабарыкі абскардзіць у Вярхоўным судзе адмову ЦВК зарэгістраваць яго кандыдатам у прэзідэнты, паведаміў юрыст штаба Максім Знак.

„Мы ў суд дакладна пойдзем. Мы хаця б у судзе даведаемся, што адбылося, таму што пакуль усё, што мы пачулі са слоў, выглядае, па меншай меры, вельмі дзіўна. Магчыма, у судзе з’явяцца дакументы, і тады мы іх прааналізуем і дадзім адказ ужо ў адпаведнасці з дакументамі. Але пакуль атрымаць канкрэтыку, назвы, працэнты, сумы не ўдалося”, — заявіў журналістам Знак, які пакінуў пасяджэнне ЦВК пасля разгляду пытання аб рэгістрацыі Бабарыкі.

На думку спікера штаба Марыі Калеснікавай, „улада, нягледзячы на тое што альтэрнатыўныя кандыдаты цяпер знаходзяцца ў турме і не могуць весці выбарчую дзейнасць, настолькі слабая і так спалохалася, што не дапусціла Віктара Дзмітрыевіча Бабарыку да выбарчага працэсу”.

Пра далейшыя дзеянні штаб прэтэндэнта мае намер паведаміць на экстраннай прэс-канферэнцыі сёння а 16-й гадзіне. „Мы перакананыя, што гэтае рашэнне не мае нічога агульнага з сумленнымі выбарамі. З выкананнем Выбарчага кодэкса. З роўнымі правамі на ўдзел у выбарах. З павагай да выбарчага права грамадзян Рэспублікі Беларусь”, — гаворыцца ў заяве штаба.

Віктару Бабарыку адмоўлена ў рэгістрацыі на падставе ліста з Камітэта дзяржкантролю з матэрыяламі крымінальнай справы ў дачыненні да прэтэндэнта, які да сыходу ў палітыку ўзначальваў „Белгазпрамбанк”.

Беларускае Радыё Рацыя