ЦВК павысіла празрыстасць утварэння выбарчых камісій
Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына заявіла, што пры распрацоўцы пастановы аб парадку ўтварэння выбарчых камісій часткова ўлічаныя рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ, зробленыя пасля прэзідэнцкіх выбараў 2015 года, якія павышаюць празрыстасць гэтай часткі выбарчага працэсу.
Пастанова аб парадку ўтварэння выбарчых камісій прынятая 8 чэрвеня на пасяджэнні ЦВК. Згодна з дакументам упершыню на парламенцкіх выбарах будуць утвораныя тэрытарыяльныя (абласныя і Мінская гарадская) выбарчыя камісіі. Традыцыйна будуць утвораныя акруговыя і ўчастковыя камісіі.
У пастанове, паводле слоў Ярмошынай, улічаныя дзве рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ. Па-першае, гэта працэдура ўтварэння камісій. Так, склад камісіі будзе фармавацца шляхам рэйтынгавага галасавання па вылучаных прадстаўніках. Пры гэтым павінны абмяркоўвацца дзелавыя якасці прэтэндэнтаў. «Трэба правесці ўтварэнне камісіі так, каб, напрыклад, прадстаўнікі апазіцыйнай партыі разумелі, чаму яны не прайшлі ў склад камісій, што адпаведнае рашэнне прыняў калегіяльны орган», — сказала кіраўнік ЦВК.
Другая рэкамендацыя БДІПЧ АБСЕ, якую ўлічыла Цэнтральная камісія, тычыцца давання права міжнародным назіральнікам і прадстаўнікам палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў прысутнічаць на пасяджэннях выканаўчых і прадстаўнічых органаў, на якiх утвараюцца выбарчыя камісіі. «Прысутнасць назіральнікаў на пасяджэннях, падчас якіх фармуецца склад камісій, не прадугледжаная выбарчым заканадаўствам. Тым не менш на папярэдніх выбарах нам паступалі адпаведныя звароты Беларускага Хельсінкскага камітэта. Для зняцця канфліктных сітуацый мы вырашылі дазволіць прысутнасць назіральнікаў на пасяджэннях выканаўчых і прадстаўнічых органаў», — сказала Ярмошына.
Нагадаем, па выніках прэзідэнцкіх выбараў 2015 года БДІПЧ АБСЕ распрацавала прапановы па ўдасканаленні выбарчых працэсаў. 12 лютага па распараджэнні Аляксандра Лукашэнкі была створаная міжведамасная экспертная група па іх вывучэнні. Па выніках працы камісіі былі распрацаваныя прапановы па паляпшэнні выбарчага працэсу, якія Цэнтрвыбаркам прадугледзеў у метадычных дапаможніках для членаў выбарчых камісій і ў іншых сваіх пастановах і тлумачэннях. У ЦВК заявілі, што гэтыя новаўвядзенні, у прыватнасці, павысяць празрыстасць падліку галасоў і палепшаць умовы працы назіральнікаў.
Да разгляду астатніх рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ ўлады абяцаюць вярнуцца пасля парламенцкіх выбараў. На думку ЦВК, іх немагчыма рэалізаваць за кароткі час, бо 22 з 30 прапаноў патрабуюць унясення зменаў у выбарчае заканадаўства.
Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі шостага склікання адбудуцца 11 верасня. Такая дата зацверджаная ўказам № 190, які Аляксандр Лукашэнка падпісаў 6 чэрвеня. На выбарах у ніжнюю палату будуць дзейнічаць 110 акруговых і 6.149 участковых выбарчых камісій (у тым ліку 49 за межамі краіны).
БелаПАН