ЦВК прапануе прызначыць выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў на 18 лютага 2018 года



Цэнтральная выбарчая камісія плануе прапанаваць прызначыць выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў на 18 лютага 2018 года, паведаміла старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына.

Паводле яе слоў, гэтая дата будзе прапаноўвацца прэзідэнту восенню. «Калі сыходзіць з таго, што выбарчая кампанія павінна пачацца не пазней за 18 лістапада, думаю, у сярэдзіне кастрычніка я буду запісвацца на даклад да кіраўніка дзяржавы і дакладваць усе пытанні, якія тычацца гэтых выбараў», — сказала Ярмошына.

На думку кіраўніка ЦВК, у больш раннія тэрміны праводзіць выбары немэтазгодна. «Зімовыя месяцы — гэта ці святы, ці сесійны перыяд у студэнтаў, таму выбары трэба праводзіць або ў лістападзе, або ссоўваць іх на найбольш зручны перыяд — пасля новага года», — сказала яна.

Ярмошына зазначыла, што прызначыць выбары пасля 18 лютага нельга, бо 23 сакавіка заканчваецца тэрмін паўнамоцтваў дзейных дэпутатаў мясцовых саветаў, а новыя выбары павінны прайсці не пазней за 30 дзён да гэтай даты.

Кіраўнік ЦВК таксама не ведае, ці будуць да мясцовых выбараў унесеныя папраўкі ў выбарчае заканадаўства. «Я не суб’ект заканадаўчай ініцыятывы. Як вырашаць суб’екты, у тым ліку дамовяцца паміж сабой, — так і будзе», — сказала яна.

Ярмошына таксама адзначыла, што не валодае інфармацыяй аб тым, ці плануецца ў найбліжэйшы месяц нарада ў кіраўніка дзяржавы па пытанні ўнясення змен у выбарчае заканадаўства.

У пачатку лютага Аляксандру Лукашэнку былі перададзеныя прапановы па змене выбарчага заканадаўства, выпрацаваныя міжведамаснай рабочай групай па вывучэнні адпаведных рэкамендацый АБСЕ. Планавалася, што ў сакавіку прэзідэнт правядзе нараду па пытаннях выбарчага заканадаўства, аднак яно не адбылося да гэтага часу.

Па выніках работы міжведамаснай групы Лідзія Ярмошына заяўляла, што рабочая група ўлічыла каля 50% рэкамендацый АБСЕ.

Прапанавана, у прыватнасці, увесці нормы, якія дзейнічалі падчас парламенцкіх выбараў 2016 года ў выглядзе пастаноў і рэкамендацый ЦВК (яны тычыліся фармавання выбарчых камісій шляхам рэйтынгавага галасавання, парадку размяшчэння назіральнікаў на выбарчых участках і асаблівасцяў перадвыбарчай агітацыі).

Рабочая група таксама прапанавала ўвесці ў закон інстытут члена акруговай і тэрытарыяльнай камісіі з правам дарадчага голасу не толькі для прадстаўнікоў палітычных партый, але і для кандыдатаў на выбарныя пасады.

Акрамя таго, прапанавана абмежаваць прысутнасць дзяржчыноўнікаў высокага ўзроўню ў камісіях, распаўсюдзіць забарону на ўключэнне ў іх не толькі кіраўнікоў мясцовай вертыкалі, але і іх намеснікаў і кіраўнікоў падраздзяленняў, за выключэннем упраўлення арганізацыйна-кадравай работы.

Рабочая група таксама прапанавала ўвесці норму, якая дазволіць вылучаць палітычным партыям і грамадскім аб’яднанням у выбарчыя камісіі не толькі сваіх членаў, але і прадстаўнікоў з дапамогай любых сваіх арганізацыйных структур.

Распрацаваныя па ініцыятыве апазіцыі экспертнай групай рэкамендацыі па змене выбарчага заканадаўства ўтрымліваюць пераход на змяшаную, прапарцыйна-мажарытарную выбарчую сістэму, а таксама норму аб тым, што прадстаўнікі кожнага кандыдата павінны быць абавязкова ўключаныя ў склад выбарчых камісій.

БелаПАН