ЦВК прыняла пастанову пра парадак замежнага назірання на мясцовых выбарах



Цэнтрвыбаркам на пасяджэнні 16 студзеня прыняў пастанову аб парадку замежнага назірання на мясцовых выбарах, якія адбудуцца 18 лютага.

Як адзначыла кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына, на мясцовыя выбары замежныя назіральнікі не запрашаюцца. Аднак па традыцыі прадстаўнікі дыпламатычных ведамстваў, акрэдытаваныя ў Беларусі, змогуць узяць удзел у назіранні.

Напрыклад, адзначыла Ярмошына, прадстаўнікі пасольства ЗША цікавіліся магчымасцю ўдзелу ў назіранні — яны папрасілі акрэдытаваць у якасці назіральнікаў дзевяць супрацоўнікаў дыппрадстаўніцтва. Пытаннямі назірання за выбарамі цікавіліся і іншыя дыпламатычныя прадстаўніцтвы, дадала кіраўнік ЦВК.

У прынятай сёння пастанове зацверджана форма анкеты і пасведчанні замежнага назіральніка. Дыпламатычныя прадстаўнікі павінны будуць накіраваць у Цэнтральную камісію анкету, пасля разгляду якой ім будуць выдавацца пасведчанні.

На пасяджэнні камісіі адзначалася, што замежныя назіральнікі змогуць атрымліваць інфармацыю пра колькасць выбаршчыкаў на ўчастку, а таксама дадзеныя аб колькасці прагаласаваўшых. Ім дазволена знаходзіцца на пасяджэннях любых выбарчых камісій да заканчэння падліку галасоў.

На пасяджэнні таксама было паведамлена, што на мясцовых выбарах 2010 года колькасць замежных назіральнікаў склала 50 чалавек, 2014-га — усяго 15.   БелаПАН