ЦВК прызнала парушэнні афіцыйнай газеты
Парушэнні выбарчага заканадаўства прызнала Цэнтральная выбарчая камісія за афіцыйнай газетай Гарадзенскай вобласці. Больш за месяц назіральнік ад Беларускага Хельсінкскага камітэта Раман Юргель дамагаўся таго, каб перапынілася схаваная рэклама праўладных кандыдатаў-чыноўнікаў. У той час, калі ані словам газета не згадала пра кандыдатаў-прадстаўнікоў апазіцыі, якія таксама ідуць на выбары. Пра атрыманы адказ ад Лідзіі Ярмошынай кажа Раман Юргель:
– Давялося мне пісаць другую скаргу з новымі фактамі пасля 27 ліпеня – прыхаванай агітацыі за праўладных кандыдатаў, якая працягвалася на старонках газеты. Назіральны савет пры СМІ ў ЦВК разгледзіў маю скаргу і пастанавіў, каб больш такіх выпадкаў друку абласной газетай не было. І таксама ўказаў на гэтыя недарэчнасці Гарадзенскай выбарчай камісіі.
У звязку з новаўвядзеннямі былі створаны абласныя камісіі, якія павінны былі вырашаць гэтыя парушэнні заканадаўства. Але назіральнік сутыкнуўся з „тарпедаваннем” скаргаў незалежнага назіральніка. Аж пакуль скарга не дайшла да ЦВК у назіральную раду.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня