У рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча адмоўлена



Днём 20 ліпеня прайшло пасяджэнне Цэнтрвыбаркама, на якім вырашылася пытанне аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду, паведамляе  TUT.BY.  Усяго Цэнтрвыбаркам дапусціў да ўдзелу ў зборы подпісаў 8 ініцыятыўных груп. Сёння зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы па вылучэнні кандыдатаў: Віктара Цярэшчанкі, Мікалая Улаховіча, Жанны Раманоўскай, Таццяны Караткевіч і Анатоля Лябедзькі.

17 ліпеня ЦВК зарэгістраваў ініцыятыўныя групы Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Калякіна і Сяргея Гайдукевіча.

* * *

У Цэнтрвыбаркаме сёння праходзіць паседжанне па рэгістрацыі ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду. Замест Лідзіі Ярмошынай, якая вылецела ў Вену на канферэнцыю АБСЕ, на пасяджэнні старшынюе сябра ЦВК Вадзім Іпатаў.

* * *

Адмоўлена ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Аляксандра Юдаева.

* * *

ЦВК аднагалосна адмаўляе ў рэгістрацыі  ініцыятыўнай групы Таццяны Біруковай.

* * *

ЦВК аднагалосна рэгіструе групу Мікалая Улаховіча, які  бярэ слова і дзякуе ўсім ад імя Беларускай патрыятычнай партыі: „Патрыёты, якія падтрымлівалі нашага галоўнага патрыёта, павінны і сёння яго падтрымаць. Я хачу, каб у нас быў парадак, спакой і мір, каб быў гаспадар”. Імя галоўнага патрыёта Мікалай Улаховіч не называе, таму не зусім зразумела, каго ён мае на ўвазе.

* * *

ЦВК разгледзеў дакументы Жаны Раманоўскай. Яна прысутнічае на пасяджэнні. Яе група адна з самых малалікіх – у спісе 93 члена і 17 каардынатараў. У ЦВК не ўзнікае ніякіх прэтэнзій да фармавання групы. Ініцыятыўную групу Жаны Раманаўскай аднагалосна рэгіструюць.

* * *

Цэнтрвыбаркам Беларусі на пасяджэнні абвясціў, што ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў у прэзідэнты краіны Ірыны Першынай і Сяргея Заблоцкага, не прайшлі рэгістрацыю.

* * *

У рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча адмоўлена. „Я рада, што Мікалай не ўдзельнічае ў гэтым балагане”, – заўважыла Марына Адамовіч, паведамляе news.tut.by.  Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік і Уладзімір Някляеў абмяняліся рэплікамі на падвышаных танах. „Я паважаю Статкевіча як палітыка, добра яго ведаю. Але ён не можа па законе быць кандыдатам, такім чынам яго ініцыятыўная група не можа быць зарэгістравана”, – рэзюмаваў сакратар ЦВК. Ініцыятыўнай групе Статкевіча прапанавалі абскардзіць рашэнне ЦВК у Вярхоўным судзе.

* * *

На пасяджэнні ЦВК зарэгістраваў групы Таццяны Караткевіч і Анатоля Лябедзькі.

Ёсць верагоднасць, што не зарэгіструюць групу Андрэя Канаўца. Паводле беларускага заканадаўства, прэтэндэнт павінен 10 гадоў перад выбарамі пражываць на тэрыторыі Беларусі. Аднак Канавец адбываў два з паловай году пакаранне ў Расеі, дзе быў асуджаны — гэта і можа стаць перашкодай для рэгістрацыі групы.

Фота news.tut.by