ЦВК: У першы дзень прагаласавалі 4,98% выбаршчыкаў



У першы дзень датэрміновага галасавання на прэзідэнцкіх выбарах яўка выбаршчыкаў склала 4,98%. Такія звесткі апублікаваныя на сайце ЦВК.

У Берасцейкай вобласці яўка склала 4,23%, у Віцебскай — 5%, у Гомельскай — 7,55%, у Гарадзенскай — 3,39%, у Менскай — 4,69%, у Магілёўскай — 4,66%. У Менску датэрмінова прагаласавалі 4,77% выбаршчыкаў.

На папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах, у 2015 годзе, у першы дзень прагаласавалі 4,49% выбаршчыкаў (ад 3,84% у Гарадзенскай вобласці да 6,42% у Берасцейскай). Усяго на мінулых прэзідэнцкіх выбарах датэрмінова прагаласавала 36,05% выбаршчыкаў.

На апошніх парламенцкіх выбарах, у 2019 годзе, у першы дзень прагаласавалі 4,69% выбаршчыкаў (ад 3,68% у Гарадзенскай да 5,52% у Віцебскай). Усяго датэрмінова на леташніх выбарах прагаласавалі 35,77% выбаршчыкаў.

Кампанія „Праваабаронцы за свабодныя выбары” адзначае, што ўведзеныя ЦВК квоты для назіральнікаў на выбарчых участках зрабілі выбарчы працэс цалкам недаступным для незалежнага назірання і нетранспарэнтным. „Гэта з’яўляецца парушэннем аднаго з асноўных прынцыпаў правядзення дэмакратычных выбараў — прынцыпу публічнасці, — падкрэслілі праваабаронцы. — Відавочна, пастанова, якая абмяжоўвае колькасць назіральнікаў, не была скіраваная на прафілактыку пандэміі, а мела на мэце спыніць незалежнае назіранне: многія члены УВК і праўладныя назіральнікі не выконваюць рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя”.

belapan.by