ЦВК: Яўка на выбарах склала 74,32% (абноўлена)
Яўка на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў склала 74,32%.
Такія дадзеныя размешчаны на сайце Цэнтрвыбаркама.
Паводле ЦВК, яўка ў Менску склала 61,11%, у Менскай вобласці — 75,35%. У Берасцейскай вобласці — 77,53%, Віцебскай — 79,98%, Гомельскай — 75,14%, Гарадзенскай — 76,19%, Магілёўскай — 80,90 працэнта. За межамі Беларусі – 66,12 працэнтаў.
У непасрэдны дзень галасавання выбарцаў было меней, чым падчас датэрміновага галасавання. Пра гэта паведамляюць назіральнікі.
Каардынатар кампаніі “Права выбару” па Гомельскай-Цэнтральнай акрузе №33 Алег Шабетнік гаворыць, што ў дзень галасавання яўка была нізкай:
– На 34-ым выбарчым участку Гомельскай-Цэнтральнай акругі №33 агульная колькасць выбарцаў 2455 чалавек. Прагаласавалі 328 чалавек. Датэрмінова прагаласавалі 658 чалавек. То бок, няма і паловы, што прагаласавалі датэрмінова. І гэта сведчыць пра тое, што яўка вельмі нізкая, людзі мала цікавяцца і не ходзяць на выбарчыя ўчасткі.
Паводле дадзеных назіральнікаў, на некаторых участках Гомельскай-Цэнтральнай акругі №33 выбары не адбыліся. Напрыклад, на ўчастку №45 розніца паміж афіцыйнымі дадзенымі і дадзенымі назіральнікаў склала 217 чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель