ЦВК: Яўка на выбарах склала 77,05 %
Паводле вынікаў датэрміновага і галасавання ў асноўны дзень яўка на мясцовых выбарах склала 77,05% (5.333.613 чалавек), паведаміла Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. У Берасцейскай вобласці прагаласавала 79,16% (датэрмінова — 31,84%) выбаршчыкаў, у Віцебскай — 84,49% (34,96%), Гомельскай — 80,76% (36,48%), Гарадзенскай — 79,81% (34,55%), Менскай — 77,97% (34,61%), Магілёўскай — 82,26% (36,36%), у Менску — 61,41% (35,69%).
На датэрміновым галасаванні яўка склала 34,95% выбаршчыкаў, на 10.00 дня асноўнага галасавання з улікам датэрміновага — 38,08%, на 12.00 — 45,57%, на 14.00 — 55,69%, на 16.00 — 63,66%, на 18.00 — 70,54%
Участкі закрыліся ў 20.00. У спісы выбаршчыкаў было ўключана 6.921.957 чалавек.
На папярэдніх мясцовых выбарах у сакавіку 2014 года прагаласавала 77,4% выбаршчыкаў, у тым ліку датэрмінова — 32,04%. Такім чынам, яўка выбаршчыкаў на датэрміновым галасаванні чатыры гады таму была ніжэйшая, агульная — крыху вышэйшая.
Выбары сёлета прайшлі ў 18.111 акругах. Абіраліся дэпутаты 6 абласных, Менскага гарадскога, 118 раённых, 10 гарадскіх у гарадах абласнога падпарадкавання, 14 гарадскіх у гарадах раённага падпарадкавання, 8 пасялковых і 1.152 сельскіх саветаў.
Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, на выбарах было зарэгістравана 22.278 кандыдатаў у дэпутаты. З іх 16.229 вылучаліся шляхам збору подпісаў, 6.546 — працоўнымі калектывамі, 871 — палітычнымі партыямі. Некаторыя кандыдаты вылучаліся рознымі спосабамі.
10.946 кандыдатаў у дэпутаты — жанчыны, 1.169 — маладыя людзі да 30 гадоў, 10.362 — дэпутаты папярэдняга склікання, 33 — грамадзяне Расіі.
15 лютага кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла журналістам, што высокая яўка на мясцовых выбарах абумоўленая законнай стымуляцыяй выбаршчыкаў з боку ўлады. „У гарадах яўку на гэты момант проста стымулююць бюджэтныя арганізацыі, навучальныя ўстановы. Гэта натуральны працэс: працуюць над яўкай, заклікаюць”, — сказала яна.
Стымуляцыя да галасавання не азначае прымусу да яго, падкрэсліла Ярмошына. „Прымушаюць — гэта калі кажуць, што калі ты не прыйдзеш, то табе будзе дрэнна (цябе выселяць з інтэрната, ты не атрымаеш прэміі). Рэкамендацыі прыйсці на ўчасткі — гэта не больш чым стымуляванне ў межах закону”, — растлумачыла старшыня ЦВК.
Незалежныя назіральнікі на працягу галасавання заяўлялі, што ўлада для павышэння яўкі выкарыстоўвала адміністрацыйны рэсурс, арганізавала „каруселі”, завышала лічбы ў выніковых пратаколах участковых выбарчых камісій. БелаПАН