ЦВК: За чатыры дні прагаласавала траціна выбаршчыкаў Беларусі



Паводле звестак ЦВК, за чатыры дні датэрміновага галасавання на прэзідэнцкіх выбарах яўка выбаршчыкаў склала 32,24%.

У Берасцейскай вобласці яўка склала 30,11%, у Віцебскай — 30,86%, Гомельскай — 42,72%, Гарадзенскай — 30,02%, Менскай — 29,09%, Магілёўскай — 37,85%.

У Менску, паводле звестак ЦВК, датэрмінова прагаласавалі 26,45% выбаршчыкаў.

На папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах, у 2015 годзе, за чатыры дні прагаласавалі 28,06% выбаршчыкаў. Усяго на мінулых прэзідэнцкіх выбарах датэрмінова прагаласавала 36,05% выбаршчыкаў. На парламенцкіх выбарах у 2019 годзе — 27,5% (35,77%).

Кампанія „Праваабаронцы за свабодныя выбары” адзначае, што ўведзеныя ЦВК квоты для назіральнікаў на выбарчых участках зрабілі выбарчы працэс цалкам недаступным для незалежнага назірання і нетранспарэнтным. „Гэта з’яўляецца парушэннем аднаго з асноўных прынцыпаў правядзення дэмакратычных выбараў — прынцыпу галоснасці, — падкрэслілі праваабаронцы. — Відавочна, пастанова, якая абмяжоўвае колькасць назіральнікаў, не была скіраваная на прафілактыку пандэміі, а мела мэтай спыніць незалежнае назіранне: многія члены ўчастковых выбарчых камісій і праўладныя назіральнікі не выконваюць рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя”.

Назіральнікі кампаніі „Права выбару” за чатыры дні датэрміновага галасавання на прэзідэнцкіх выбарах зафіксавалі 1.035 парушэнняў. У размеркаванні парушэнняў па тыпе лідзіруе нядопуск акрэдытаванага назіральніка да назірання ўнутры памяшкання для галасавання — 449 выпадкаў (43,38%).

belapan.by