ЦВК задаволены справаздачай назіральнікаў АБСЕ



«За доўгія гады міжнароднага назірання менавіта з боку місіі АБСЕ ў нашай краіне мы ўпершыню атрымалі справаздачу, якая змяшчае вывады і пералічвае падзеі не толькі з адмоўнага боку, але і адзначае шмат станоўчага. Там шмат адзначана добрага, і гэтым трэба ганарыцца», — лічыць старшыня ЦВК.

«У прынцыпе, справаздачу місіі назіральнікаў ад АБСЕ, зробленую паводле вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, можна назваць дастаткова аб’ектыўнай», — заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, каментуючы змест дакумента.

«Натуральна, у іх былі заўвагі па пэўных участках. Але я хацела б адзначыць, што колькасць такіх выпадкаў знізілася ў параўнанні з выбарамі 2012 года. Калі тады назіральнікі АБСЕ адзначылі больш за 40% участкаў, дзе былі падобныя недахопы, то зараз можна гаварыць пра 30% участкаў», — сказала яна.

Кіраўнік ЦВК паведаміла, што ўсе заўвагі «будуць аналізавацца, будуць рабіцца высновы, акрэслівацца шляхі іх рэалізацыі».

Нагадаем, у справаздачы назіральнай місіі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ,  ад12 кастрычніка, гаворыцца пра «значныя праблемы, асабліва падчас падліку галасоў і сумавання вынікаў галасавання, якія падарвалі сумленнасць выбараў».