ЦВК зарэгістравала ініцыятыўныя групы пяці прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта



На сённяшні дзень Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў пяць ініцыятыўных груп грамадзян па вылучэнні кандыдатамі на пасаду прэзідэнта Беларусі. Разгляд пытання аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп працягнецца 20 мая.

На двух пасяджэннях, 15 і 19 мая, ЦВК зарэгістравала ініцыятыўныя групы па вылучэнні кандыдатамі ў прэзідэнты:

– дзейнага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі;

– старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алега Гайдукевіча;

– фермера з Гомельскага раёна Юрыя Ганцэвіча;

– члена Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзіміра Няпомняшчых;

– намесніка дырэктара ПГУП «Кісель В.В.» Наталлі Кісель.

За розныя парушэнні Выбарчага кодэкса адмову ў рэгістрацыі атрымалі ініцыятыўныя групы: Сяргея Ціханоўскага – папулярнага відэаблогера (youtube-канал «Краіна для жыцця»); Віталя Зялкоўскага – інжынера-дызайнера, вядомага ў байнэце як «суровы турыст»; Алены Ашыхмінай – дырэктара ТАА «БелТэхПадшыпнік»; Жанны Раманоўскай – беспрацоўнай мінчанкі; Мікалая Статкевіча – апазіцыйнага палітыка, экс-кандыдата ў прэзідэнты, былога палітвязня.

ЦВК таксама не зарэгістравала ініцыятыўныя групы «кандыдатаў пратэсту» – прыхільнікаў Статкевіча: Марыны Адамовіч (жонка Мікалая Статкевіча), Анжалікі Жалезняковай, Веранікі Мішчанкі, Аляксандра Грачышнікава, Антаніны Вішняковай, Валянціна Фралова, Вольгі Нікалайчык, Ігара Кляшчука, Вікторыі Хаценкі, Дзмітрыя Кудраўца, Пятра Карабанава, Мікалая Саляніка, Тамары Патоцкай, Уладзіміра Неўмяржыцкага, Рэгіны Беркус, Аляксандра Якушкова, Алены Давыдавай, Аляксандра Школьнікава, Уладзіміра Кійко, Юрыя Новікава, Юрыя Чудзіновіча, Сяргея Статкевіча, Віктара Шорца, Юрыя Касача, Аляксандра Абрамовіча, Наталлі Стрэльчанкі і Аляксея Зуевіча.

На пасяджэнні 19 мая старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына абвінаваціла Статкевіча і яго прыхільнікаў у спробах «ўвесці ў калапс» працу Цэнтрвыбаркама. «На жаль, яны прымалі ўсе меры, каб, напэўна, увесці ў калапс працу Цэнтральнай камісіі, таму што 30 зваротаў [было пададзена], прычым змена пастаянная спісаў, якая адбываецца напярэдадні, на восем чалавек апарату (ЦВК. – БелаПАН.), таму што дзявятая – гэта я», – сказала Ярмошына. Паводле яе слоў, умовы працы ЦВК «былі такія, што можна параўноўваць з працай медыцынскіх работнікаў у тым самым чумным бараку». «Адчуванне, што гэтая група проста спецыяльна гэта рабіла для таго, каб цалкам паралізаваць працу Цэнтральнай камісіі і сарваць выбары», – заявіла Ярмошына.

«Заўтра на пасяджэнне ў нас, дзякуй богу, запрошаныя адэкватныя людзі, – дадала яна. – Гэта людзі, якія сапраўды рэальна маюць намер вылучыцца – не ўсе, вядома, але большасць з іх – кандыдатамі ў прэзідэнты. Натуральна, гэта будзе зусім іншая мова зносін. Ды і праверка не паказвае ўсяго таго бязладдзя, якое дэманструе гэтая група паплечнікаў, як яны любяць сябе называць, спадара Статкевіча».

20 мая ЦВК разгледзіць пытанне аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп астатніх прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта. Гэта: экс-старшыня праўлення «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка; стваральнік і першы кіраўнік Парку высокіх тэхналогій, былы чыноўнік і дыпламат Валерый Цапкала; экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая; сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Вольга Кавалькова; старшыня руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч; сустаршыня ГА «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў; лідар Абʼяднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў; старшыня партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада» Сяргей Чэрачэнь.

Усяго ў ЦВК было пададзена 55 заяў аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні грамадзян кандыдатамі на пасаду прэзідэнта на выбарах, прызначаных на 9 жніўня. Гэта абсалютны рэкорд усіх прэзідэнцкіх кампаній у краіне.

Для рэгістрацыі ў якасці кандыдата на пасаду прэзідэнта неабходна сабраць не менш за 100 тысяч подпісаў. Збор подпісаў будзе праходзіць з 21 мая па 19 чэрвеня.

БелаПАН

Фота: БелТА