Цяперашніх санкцый не адчувае ні Расея, ні Захад
Міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей выказаўся супраць заходніх санкцыяў у дачыненні да Расеі. Па яго словах, Расейская Федэрацыя з’яўляецца «магутнай эканамічнай дзяржавай» і гэтыя санкцыі могуць абярнуцца супраць тых, хто іх уводзіць. Аднак, на думку палітолага Сяргея Чалага, санкцыяў у цяперашнім выглядзе амаль не адчуе ні Расея, ні Захад.
– Усе санкцыі, якія зараз уводзяцца, эканамічныя інтарэсы Захаду амаль не закранаюць. З другога боку, яны такім жа чынам скіраваны і да Расеі. Для іншых асоб, акрамя тых, што ўключаны ў спіс, пабочных эфектаў даволі мала. Таму і для Беларусі, шчыра кажучы, гэтыя санкцыі практычна ніякага значэння не маюць.
«Калі, не дай Божа, „абваліцца“ эканоміка Расеі, то я думаю, што эканоміцы Еўропы таксама не паздаровіцца», — заявіў Уладзімір Макей.
Зараз Еўразвяз абмяркоўвае больш жорсткія санкцыі, якія закрануць інтарэсы самога Пуціна, яго атачэння, расейскіх алігархаў і канкрэтныя сектары расейскай эканомікі.
Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя
Фота glavlenta.ru