Цярэшчанку адмовілі ў крымінальнай справе па факце атручвання



Былому патэнцыйнаму кандыдату ў прэзідэнты Віктару Цярэшчанку адмовілі ў крымінальнай справе па факце атручвання яго маркоўным фрэшам, паведамляе belprauda.org.

Канчатковы дыягназ, які паставілі Цярэшчанку лекары і які быў зафіксаваны ў пастанове пра адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы — «востры ацёк Квінке, паляпшэнне».

„У 10 клініцы ў мяне ўзялі кроў на прысутнасць алергенаў на харчовыя прадукты. У эпікрызе напісана: алергіі на харчовыя прадукты няма, у тым ліку і на моркву. Само заключэнне ў 10 клініцы на рукі мне не далі, роўна як і не далі іншых пяць заключэнняў па ўзятай крыві з вены ў сувязі з дрэннымі аналізамі. Таму што алергіі няма – у крыві прысутнічае хімія, ад мяне гэта хаваюць. У панядзелак-аўторак паўторна паеду ў 10 клініку здаваць кроў на алергію і паспрабую ўзяць у галоўурача заключэнне. Я ўжо ўчора піў маркоўны сок – чамусьці няма ніякай алергіі”, – растлумачыў Віктар Цярэшчанка.

Цярэшчанка і яго паплечнікі ўпэўнены, што ён быў наўмысна атручаны. Сябра ініцыятыўнай групы Цярэшчанкі Сяргей Скрабец заявіў, што адмова міліцыі расследаваць атручэнне Цярэшчанкі яго каманда звязвае з тым, што за злачынствам стаяць спецслужбы.

Віктара Цярэшчанку 28 жніўня даставілі ў шпіталь з кавярні «Грунвальд», што на вуліцы Карла Маркса ў цэнтры Менску. Там ён замовіў сабе свежавыціснуты маркоўны сок з вяршкамі, пасля чаго ў Цярэшчанкі пачалася моцная адмоўная рэакцыя арганізму, зявіўся ацёк, здранцвенне твару і вачэй.

Лідзія Ярмошына ў інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь−1» назвала гісторыю з атручваннем Цярэшчанкі ў менскай кавярні «рэкламным трукам».

Беларускае Радыё Рацыя