Турчынаў: Вучэнні „Захад 2017”- падрыхтоўка да вялікай вайны
Падчас запланаваных на верасень сумесных з Беларуссю ваенных вучэнняў „Захад-2017” Расейская Федэрацыя будзе рыхтавацца да вялікай вайны з Захадам, заявіў сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксандр Турчынаў. Тэкст яго заявы апублікаваны 22 жніўня на сайце СНБА.
Турчынаў праводзіць паралель паміж будучымі вучэннямі і іншымі падобнымі манеўрамі узброеных сіл РФ перад расейска-грузінскім канфліктам у 2008 годзе і анексіяй Крыма ў 2014 годзе. Ён прыводзіць афіцыйныя даныя Міністэрства абароны Расеі, згодна з якімі ў вучэннях павінны ўзяць удзел каля 13 тыс. вайскоўцаў, 280 адзінак узбраення і ваеннай тэхнікі і 25 адзінак авіяцыйнай тэхнікі. Але ў СНБА Украіны лічаць, што ўдзел вайскоўцаў у вучэннях ацэньваецца ў 230-240 тыс. чалавек, баявой тэхнікі — больш чым у 10 тыс. адзінак, лятальных апаратаў — 100 адзінак, а караблёў і падводных лодак — 40 адзінак.
Пры гэтым Турчынаў лічыць, што манеўры ў Паўднёвай ваеннай акрузе УС РФ накіраваныя на стварэнне ўдарных груповак войскаў для новага ўварвання на тэрыторыю Украіны.
„Усё гэта ў сукупнасці сведчыць пра тое, што да вялікай вайны рыхтуюцца не УС РФ, а ўся расейская дзяржава з адпаведнымі выдаткамі матэрыяльных і іншых рэсурсаў. Такім чынам, падчас стратэгічных камандна-штабных вучэнняў „Захад-2017″ Крэмль правярае, наколькі УС РФ і дзяржава ў цэлым гатовыя да вялікай вайны з Захадам”, — заявіў сакратар СНБА.
Турчынаў упэўнены, што „на фоне складанай эканамічнай сітуацыі, якая прымусіла Крэмль нават звярнуцца да скарачэння ваенных артыкулаў дзяржаўнага бюджэту РФ, правядзенне такіх маштабных вучэнняў не можа быць толькі звычайным мерапрыемствам баявой падрыхтоўкі”. „Гаворка ідзе аб дэманстрацыі рашучасці расійскага ваенна-палітычнага кіраўніцтва да жорсткай рэакцыі на любыя спробы НАТА/ЗША рэагаваць сілавым спосабам на чарговыя ваенныя авантуры Крамля на постсавецкай прасторы. Слабая прывабнасць грамадска-палітычнай і сацыяльна-эканамічнай мадэлі сучаснай Расеі, абмежаванасць яе эканамічнага патэнцыялу, якая прагрэсуе, прымушаюць Крэмль звяртацца да „апошняга доваду каралёў” — ваеннай сілы. Такім чынам, ужо ў акрэсленай часавай перспектыве не выключаныя новыя спробы расійскага ваеннага ўмяшання ў справы Украіны, Беларусі, краін Паўднёвага Каўказа і Цэнтральнай Азіі”, — сказаў на заканчэнне ён.
У сувязі з гэтым Турчынаў чакае вельмі сур’ёзнай рэакцыі заходніх дзяржаў на беларуска-расейскія ваенныя вучэнні.
Пра асцярогі ў сувязі з тым, што расейскія войскі пасля вучэнняў могуць застацца на тэрыторыі Беларусі, напярэдадні заявіў намеснік міністра абароны Польшчы Міхал Дворчык.
Сумесныя стратэгічныя вучэнні ўзброеных сіл Беларусі і Расеі „Захад-2017” пройдуць з 14 па 20 верасня.
Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг 13 ліпеня на прэс-канферэнцыі па выніках пасяджэння Савета Расея — НАТА ў Бруселі заявіў, што ў вучэннях возьме ўдзел больш сіл, чым заяўлена афіцыйна. „Цяпер занадта рана штосьці казаць, таму што вучэнняў яшчэ не было. Па вопыце папярэдніх вучэнняў ў нас ёсць усе падставы меркаваць, што будзе задзейнічана больш сіл, чым афіцыйна заяўлена цяпер”, — сказаў ён.
Фото: Reuters