Турцыя адкрыла межы для бежанцаў у Еўропу
Турцыя адкрывае свае межы з ЕЗ для сірыйскіх бежанцаў, заявіў турэцкі прэзідэнт Таіп Эрдаган. Яго выступ у Стамбуле трансляваў тэлеканал NYV.
„Мы даўно казалі, што не абавязаныя прымаць такую колькасць бежанцаў. Вы абяцалі нам дапамогу, але нічога не робіце, і вось мы ўчора адкрылі нашы межы”, – сказаў Эрдаган.
Паводле яго слоў, ужо 18 тысяч уцекачоў пакінулі Турцыю ў напрамку Грэцыі. У бліжэйшыя суткі гэта гатовы зрабіць яшчэ некалькі дзясяткаў тысяч сірыйцаў.
„Мы нашы дзверы ўжо не закрыем. Таму што ЕЗ павінен трымаць сваё слова”, – сказаў прэзідэнт Турцыі.
Апошнія чатыры гады існавала практыка стрымлівання міграцыйных патокаў, замацаваная ў сумесным плане па барацьбе з міграцыйным крызісам. План у сакавіку 2016 года ўзгаднілі з Турцыяй кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў краін-членаў ЕЗ.
Згодна з гэтым планам, Анкара мела права разлічваць на фінансавую дапамогу за прыём бежанцаў. Нелегалы, якія прарываліся з Турцыі ў Грэцыю, вярталіся назад, наўзамен Еўразвяз быў гатовы прымаць легальных мігрантаў-сірыйцаў па формуле „адзін за аднаго”.
Фота Reuters