Турцыя разгарнула ваенную аперацыю ў Сірыі



Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган паведаміў у „Твітары” аб тым, што турэцкія войскі пачалі аперацыю на поўначы Сірыі. Турэцкія бамбавікі атакавалі некалькі мэтаў курдскіх апалчэнцаў.

Артылерыя на турэцкім баку мяжы. AFP\GETTY

Мэта аперацыі — выцясненне атрадаў курдскіх апалчэнцаў з паўночных раёнаў Сірыі і стварэнне там „зоны бяспекі”. У гэтай зоне плануюць размясціць два мільёны сірыйскіх бежанцаў.

Прэзідэнт Эрдаган перад пачаткам аперацыі заявіў у „Твітары”, што яе мэта „прадухіліць стварэнне калідора тэрору ўздоўж паўднёвых межаў і прынесці ў рэгіён мір”.

„Аперацыя „Крыніца міру” нейтралізуе тэрарыстычныя пагрозы ў дачыненні да Турцыі і прывядзе да стварэння бяспечнай зоны, якая спрыяе вяртанню сірыйскіх бежанцаў у свае дамы”, — заявіў Эрдаган.

Як паведамляе дзяржаўнае тэлебачанне Сірыі, турэцкая авіяцыя нанесла ўдары па горадзе Рас-эль-Айн. Нападу падвергнуліся вёска аль-Маджрафа ў ваколіцах горада і курдскія пазіцыі ў вёсках аль-Машрафа і Харбат аль-Банат.

Сілы самаабароны курдаў таксама паведамляюць пра авіяўдары па населеных пунктах. Прадстаўнік апазіцыйнай кааліцыі „Дэмакратычныя сілы Сірыі” (SDF) Мустафа Балі заявіў, што „сярод людзей у рэгіёне вельмі моцная паніка”.

На мяжы з Сірыяй збіраюцца наземныя сілы турэцкай арміі. Турцыя назвала гэтую аперацыю „Крыніца міру”.

Кіраўніцтва „Дэмакратычных сілаў Сірыі” звярнулася да Вашынгтону з просьбай усталяваць у рэгіёне беспалётную зону.

Вашынгтон дае дабро

Раней у раёнах на поўначы Сірыі была размешчана невялікая група амерыканскіх войскаў. Курдскае апалчэнне аказала значную дапамогу войскам кааліцыі і сірыйскай апазіцыі ў барацьбе з „Ісламскай дзяржавай”.

Аднак перад турэцкім наступам прэзідэнт Дональд Трамп вырашыў вывесці вайскоўцаў ЗША з гэтага рэгіёну і па сутнасці справы даў зялёнае святло ваеннай аперацыі супраць курдаў.

Прадстаўнікі курдскіх атрадаў народнай самаабароны рэзка крытыкавалі гэта рашэнне, назваўшы яго „ўдарам у спіну”.

Дональд Трамп у адказ на крытыку прыгразіў ў „Твітары” цалкам знішчыць эканоміку Турцыі, калі Анкара зробіць тое, што амерыканскі лідар палічыць недапушчальным.

Еўропа супраць

У Еўрапейскай камісіі заклікалі Турцыю праявіць стрыманасць і спыніць аперацыю.

„Я ведаю, што ў Турцыі ёсць заклапочанасці ў сферы бяспекі на мяжы з Сірыяй. Аднак я заклікаю Турцыю і іншых удзельнікаў праявіць стрыманасць і спыніць аперацыю, якая ў гэтыя хвіліны ўжо ідзе. Гэтыя ваенныя дзеянні не прывядуць да спрыяльнага выніку, на што мы павінны звярнуць увагу нашых турэцкіх сяброў”, — заявіў, выступаючы ў сераду ў Еўрапейскім парламенце, кіраўнік Еўракамісіі Жан-Клод-Юнкер.

„І калі план Турцыі ў тым, каб стварыць так званую зону бяспекі, не чакайце, што Еўрапейскі саюз будзе за яе плаціць. Доўгатэрміновае рашэнне сірыйскага канфлікту магчыма толькі шляхам сапраўднай палітычнай перадачы ўлады”, — дадаў Юнкер.

„Старанна ўзважыць сітуацыю”

Раней у сераду, за некалькі гадзін да пачатку бамбаванняў, у адміністрацыі прэзідэнта Турцыі паведамілі, што Эрдаган абмеркаваў будучую аперацыю з Уладзімірам Пуціным.

У адміністрацыі Эрдагана заявілі, што турэцкі прэзідэнт сказаў Пуціну, што аперацыя паспрыяе стабільнасці ў рэгіёне. У заяве на сайце Крамля гаворыцца, што Пуцін „заклікаў турэцкіх партнёраў старанна ўзважыць сітуацыю”.

Раней першы намеснік старшыні камітэта Савета Федэрацыі па міжнародных справах Уладзімір Джабараў сказаў, што ў выпадку пагрозы тэрытарыяльнай цэласнасці Сірыі „будуць задзейнічаны ўсе дыпламатычныя механізмы”.

„Пакуль трэба паглядзець, як будуць развівацца падзеі, ці знойдуць турэцкія ВС адпор у курдаў. Але калі ваенная аперацыя Турцыі будзе пагражаць Сірыі, яе суверэнітэту і цэласнасці, то будуць задзейнічаны ўсе дыпламатычныя механізмы”, — цытуе яго РІА Навіны.

Турцыя бачыць у курдскім апалчэнні на поўначы Сірыі пагрозу сваёй нацыянальнай бяспекі.

Турэцкія ўлады лічаць сірыйскіх курдаў тэрарыстамі, якія падпарадкоўваюцца Рабочай партыі Курдыстана (РПК), якая на працягу дзесяцігоддзяў вядзе барацьбу з турэцкай дзяржавай. Сірыйскія курды гэта адмаўляюць.

Курды на поўначы Сірыі кантралююць лагеры ваеннапалонных, дзе ўтрымліваецца некалькі тысяч былых байцоў ІД і іх сваякоў. Існуюць асцярогі, што ўдар Турцыі па рэгіёне прывядзе да ўцёкаў былых баевікоў.

novychas.by