Тыдзень сустрэчаў з Таццянай Караткевіч



Цяперашні кіраўнік грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду”, экс-кандыдат у прэзідэнты Таццяна Караткевіч пачала вандроўкі ў беларускую “глыбінку”. Гэтым разам цягам тыдня на Віцебшчыне яна наведае Глыбоччыну, Ушаччыну ды Полаччыну. Мэта – сустрэчы з будучымі прэтэндэнтамі  ў кандыдаты ў дэпутаты на парламенцкіх выбарах-2016. А таксама “вярбоўка” ініцыятыўных груп ды назіральнікаў.

Кажа Таццяна Караткевіч:

– Я кажу ім тое, што турбуе сёння людзей, якія аддалі свае галасы за мяне, за мірныя перамены. І мне трэба ведаць гэтых людзей. Можа, яны могуць нечым дапамагчы. Сёння Парламент у нас закрыты. Мы мала ведаем, пра што там яны размаўляюць, якія ў іх ёсць ініцыятывы, як яны рэагуюць. Мая мэта – каб гэтыя “заканадаўцы” пачулі, чаго хочуць людзі. Бо я маю адчуванне, што яны даўно забыліся пра сваіх выбаршчыкаў.

На сённяшні дзень “Гавары праўду” атрымала пасля выбараў паўтысячы пісьмовых заяў ад грамадзян з рознымі прапановамі свайго ўдзелу ў будучай парламенцкай кампаніі.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя