Тысячная чарга з ахвотных падпісацца за Святлану Ціханоўскую ў Віцебску



Такога шматлюднага пікета па зборы подпісаў яшчэ не было за час мінулых выбарчых кампаній. Чарга тых, хто прыйшоў аддаць свой подпіс прыхільнікам «Страны для жизни», расцягнулася на адлегласць цэлага аўтобуснага прыпынку – ад абласной бібліятэкі да гандлёвага цэнтра «Марка-сіці».

Не менш як 800 чалавек стаялі ў чарзе і яшчэ некалькі соцень затрымліваліся на самім пікеце, дзе перад прысутнымі выступаў сустаршыня БХД Павел Севярынец. Ён адмыслова прыехаў на пікет у Віцебск, і гэта было вельмі дарэчы: яшчэ да пачатку збору подпісаў міліцыя затрымала мясцовых каардынатараў «Страны для жизни». Павел Севярынец прамаўляў пра сітуацыю ў краіне і пра тое, як важна быць салідарнымі з затрыманым Сяргеем Ціханоўскім і іншымі актывістамі ў розных гарадах.

Выступіць перад прысутнымі мог і кожны ахвотны. І звычайныя мінакі, не заангажаваныя ў палітычны рух, далёкія ад апазіцыйных партый, гаварылі пра сваё жаданне, каб Аляксандар Лукашэнка больш не быў кіраўніком Беларусі. Павел Севярынец прайшоў уздоўж даўжэзнай чаргі і падтрымаў тых, каму давялося стаяць каля дзвюх гадзінаў, каб паставіць подпіс за вылучэнне Святланы Ціханоўскай. Каля пікетаў у падтрымку Вылерыя Цапкалы ці Сяргея Чэрачня было ўсяго па некалькі чалавек. Вакол бесперапынна сігналілі машыны і над пляцоўкай луналі воклічы « Стоп таракан!» і «Жыве Беларусь».

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск