Тысячы пратэстоўцаў патрабуюць адстаўкі прэзідэнта Паўднёвай Карэі
Тысячы чалавек выйшлі на акцыю пратэсту ў Сеуле, патрабуючы адстаўкі прэзідэнта Паўднёвай Карэі Пак Кын Хе на фоне скандалу з умяшаннем у дзяржаўныя справы блізкай сяброўкі карэйскага лідара.
Паліцыя паведамляе пра 40 тысяч удзельнікаў акцыі, піша ВВС.
Гэта другая такая буйная маніфэстацыя: у мінулую суботу ў Сеуле таксама прайшла шматтысячная акцыя пратэсту супраць Пак Кын Хэ. Пасля гэтага прэзідэнт прынесла прабачэнні і зрабіла радыкальныя перастаноўкі ў кіраўніцтве краіны.
Скандал выбухнуў пасля таго, як у канцы кастрычніка журналісты кабельнага канала JTBC знайшлі ў смеццевым баку аднаго з гатэляў Сеула планшэт, на якім выявілі 200 сакрэтных дакументаў 2012-2014 гадоў. Сярод іх аказаліся і 44 чарнавікі прамоў Пак Кэн Хэ.
Высветлілася, што прамовы правіла сяброўка прэзідэнта Чхвэ Сун Сіль, якую апазіцыя называе «варажбіткай». У планшэце таксама знайшлі яе сэлфі. Следчыя падазраюць яе ва ўмяшанні ў дзяржаўныя справы і выкарыстанні свайго становішча дзеля атрымання фінансавай выгады.
Па версіі следства, яна змушала прадпрымальнікаў ахвяраваць мільёны даляраў падкантрольным ёй фондам, дапамагала пры выбары памочнікаў прэзідэнта і нават выбірала адзенне для Пак Кын Хэ.
Чхвэ Сун Сіль была арыштаваная ў чацвер, ёй выстаўленыя абвінавачванні ў махлярстве і злоўжыванні ўладай.
Фота АР