У 13 гарадах Беларусі адкрыліся ўчасткі па выбарах прэзідэнта Расеі



Выбарчыя ўчасткі па выбарах прэзідэнта Расеі адкрыліся 18 сакавіка ў 8.00 у 13 гарадах Беларусі.

Прагаласаваць на іх могуць грамадзяне РФ, якія пастаянна пражываюць або часова знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Для ўдзелу ў галасаванні неабходна падаць дзеючы пашпарт грамадзяніна Расеі (унутраны або замежны). Від на жыхарства падставай для ўдзелу ў галасаванні не з`яўляецца.

Праца выбарчых участкаў арганізавана па адрасах:

— Менск, вул. Нававіленская, 1А, пасольства РФ; — Берасце, вул. Пушкінская, 10, генеральнае консульства РФ; — Гародня, вул. Парыжскай Камуны, 3, гарадская гімназія; –    Віцебск, вул. Маякоўскага, 1, цэнтр культуры „Віцебск”; — Гомель, вул. Ланге, 17, грамадска-культурны цэнтр; — Магілёў, вул. Ленінская, 61, ліцэй Беларуска-расійскага ўніверсітэта; — Клецк-2, пасёлак Азярэчча, клуб пры вайсковай часці Міністэрства абароны РФ; — Бабруйск, вул. Сацыялістычная, 105, Абласны тэатр драмы і камедыі ім. В.Дуніна-Марцінкевіча; — Астравец, вул. Усходняя, 18а, Інфармацыйны цэнтр Беларускай АЭС; — Барысаў, вул. Чапаева, 3, Цэнтральная раённая бібліятэка імя Калдзеева; — Баранавічы, вул. Леніна, 4, гарадскі дом культуры; — Орша, вул. Леніна, 41, гімназія № 2; — Полацк, вул. Гогаля, 15, дом культуры.

Выбарчыя ўчасткі будуць адкрытыя для галасавання да 20.00.

Паводле звестак МУС, у Беларусі зарэгістравана каля 105 тысяч расейскіх грамадзян. Многія расіяне таксама прыязджаюць у рэспубліку як турысты або для наведвання сваякоў.

У выбарах прэзідэнта Расеі ўдзельнічаюць восем кандыдатаў: Сяргей Бабурын (Расейскі агульнанародны саюз), Павел Грудзінін (Камуністычная партыя Расейскай Федэрацыі), Уладзімір Жырыноўскі (Ліберальна-дэмакратычная партыя Расеі), Уладзімір Пуцін (дзеючы прэзідэнт, самавылучэнне), Ксенія Сабчак („Грамадзянская ініцыятыва”), Максім Сурайкін ( „Камуністы Расеі”), Барыс Цітоў („Партыя росту”) і Рыгор Яўлінскі ( „Яблоко”).

belapan.by

Фота antimaidan.ru