У 2018 Лукашэнка хоча пабываць у Амерыцы



Аляксандр Лукашэнка ў 2018 годзе плануе здзейсніць шэраг візітаў у краіны амерыканскага кантынента.

Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў, размаўляючы з журналістамі падчас наведвання Менскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера.

„Дакладна пабываем у Амерыцы. Там ёсць нямала пытанняў, запрашаюць найменьш пяць дзяржаў. І абавязкова павінны пабываць, каб перш за ўсё наладзіць гандлёва-эканамічныя адносіны, якія заўсёды з’яўляюцца падмуркам”, — цытуе беларускага лідара БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, што прапрацоўваюцца візіты як ва ўжо традыцыйныя краіны-партнёры, так і ў іншыя. У той жа час Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не гэта для яго самае галоўнае.

„Калі шчыра, гэта з асабістага, вельмі хачу, каб у брацкай нам Украіне скончылася вайна, каб там пачалі жыць па-людску. гэта самая важная праблема”, — падкрэсліў ён. Лукашэнка заявіў, што Украіна і яе народ з’яўляюцца роднымі для Беларусі.