У ААЭ Лукашэнка нечакана сустрэўся з Парашэнкам
Аляксандр Лукашэнка 2 лістапада сустрэўся ў Абу-Дабі (ААЭ) з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.
„У гандлёва-эканамічных адносінах мы вельмі актыўна супрацоўнічаем. Наш тавараабарот ужо, нягледзячы на рознага роду праблемы і перашкоды, склаў больш за 3 млрд долараў, напэўна, дзесьці 3,5 млрд долараў будзе на сённяшні дзень. Але ў нас ёсць вельмі добрая магчымасць пашырыць супрацу за кошт узаемадзеяння рэгіёнаў”, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта Беларусі.
Новы імпульс развіццю адносін паміж краінамі, упэўнены афіцыйны беларускі лідар, дасць першы форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны, які рыхтуюцца правесці ў Гомелі.
„Што тычыцца палітычнага ўзаемадзеяння, то ў нас увогуле праблем няма. Мы абсалютна прытрымліваемся таго курсу, па якім дамовіліся ісці”, — падкрэсліў Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што нават на вялікай адлегласці ад сваіх краін прэзідэнты знайшлі магчымасць сустрэцца і разгледзець праблематыку адносін. „Сёння ў нас ёсць магчымасць абмеркаваць тыя пытанні, якія, магчыма, маюць патрэбу ў дадатковым імпульсе з нашага боку. Я хачу вас запэўніць, што мы заўсёды былі людзьмі адказнымі: калі мы абяцаем, мы гэта робім. Я хачу гэта вам гарантаваць і на будучыню”, — заявіў Лукашэнка.
Парашэнка адзначыў актыўную працу над рэалізацыяй раней дасягнутых дамоўленасцяў, пачынаючы ад пытанняў дэмаркацыі і заканчваючы гандлёва-эканамічным супрацоўніцтвам. „Я гэтае пытанне трымаю на кантролі”, — падкрэсліў прэзідэнт Украіны. Ён выказаў задавальненне ў сувязі з тым, што бакі пашыраюць узаемадзеянне па розных напрамках, уключаючы эканоміку і сацыяльную сферу.
Лукашэнка наведвае Аб’яднаныя Арабскія Эміраты з рабочым візітам. Падчас паездкі запланаваныя перамовы беларускага кіраўніка з кіраўніцтвам краіны, а таксама шэраг сустрэч з прадстаўнікамі бізнес-колаў. Пётр Парашэнка знаходзіцца ў ААЭ з рабочым візітам 1—2 лістапада. Напярэдадні ён здзейсніў афіцыйны візіт у Саудаўскую Аравію.
Фота БелТА