ААН мае намер запатрабаваць тлумачэнняў адносна сітуацыі з Дзядком



Спецдакладчыкі ААН маюць намер запатрабаваць ад Беларусі тлумачэнняў адносна сітуацыі з палітвязнем Мікалаем Дзядком. Як паведамляе Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, адпаведнае пацвярджэнне атрыманае па звароце, які быў адпраўлены 2 ліпеня і ў якім выкладзеныя факты ўсё больш моцнага ціску на Дзядка.

dziadok_14_03_1

Зварот быў адпраўлены спецдакладчыку ААН па сітуацыі ў сферы правоў чалавека ў Беларусі Міклашу Харашці, спецдакладчыку ААН па пытаннях аб катаваннях і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відах абыходжання і пакарання Хуану Мендэсу, спецдакладчыку Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па Беларусі Андрэа Рыгоні, кіраўніку прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Майры Моры і прадстаўніку ПРААН у Беларусі Санаку Самарасінху.

У лісце прыводзяцца факты таго, што Дзядок за паўтара месяца пасля пераводу на новае месца адбыцця пакарання па прыгаворы суда правёў у карцары 42 дні, яго здароўе і жыццё знаходзяцца пад небяспекай, ён быў вымушаны ў знак пратэсту парэзаць сабе вены і жывот, быў пазбаўлены права бесперашкодных зносінаў з адвакатам, прыцягваўся да прымусовай працы.

Цэнтр прававой трансфармацыі прыраўноўвае прымяненне адміністрацыяй калоніі № 9 вышэйпералічаных дзеянняў да катаванняў і іншых форм жорсткага, бесчалавечнага ці прыніжальнага годнасць абыходжання або пакарання ў дачыненні да Дзядка. „Адсутнасць эфектыўных сродкаў прававой абароны на нацыянальным узроўні прымушае нас звярнуцца да міжнародных механізмаў абароны правоў чалавека ў межах ААН, а таксама інфармаваць інстытуты ЕЗ і СЕ, парадак дня якіх уключае пытанні выканання правоў чалавека ў Беларусі”, — гаварылася ў лісце.

БелаПАН