У ААН зафіксавалі восем смерцяў сярод мігрантаў на мяжы Беларусі з краінамі ЕЗ
Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ) заклікала тэрмінова ўрэгуляваць «тупіковую сітуацыю», у якой апынуліся ўцекачы і мігранты, якія прыбылі ў раён мяжы Беларусі з краінамі Еўразвяза — Латвіяй, Літвой і Польшчай. У заяве УВКБ пазначана, што зафіксавана ўжо восем выпадкаў смерці сярод мігрантаў. Але ўжо пасля заявы з’явілася інфармацыя пра дзявяты выпадак.
«УВКБ заклікае да тэрміновых дзеянняў па выратаванні жыццяў і прадухіленні далейшых пакут у раёне мяжы Беларусі і Еўрапейскага Звяза (Латвія, Літва, Польшча)», — адзначылі ў штаб-кватэры ведамства Сусветнай арганізацыі.
«Паступілі паведамленні пра восем смерцяў у раёне мяжы, некалькі груп просьбітаў прытулку, бежанцаў і мігрантаў знаходзяцца ў бядотным становішчы ва ўмовах, якія пагаршаюцца. УВКБ папярэджвала, што сітуацыя будзе і далей хутка пагаршацца, паколькі набліжаецца зіма, што ставіць жыцці пад пагрозу», — гаворыцца ў заяве.
Рэгіянальны дырэктар УВКБ па Еўропе Паскаль Маро назваў «непрымальнай» сітуацыю, якая прывяла да смерці людзей. Паводле яго слоў, уцекачы, просьбіты прытулку і мігранты ў раёне мяжы сталі «закладнікамі палітычнага тупіка, які павінен быць вырашаны».
У офісе УВКБ таксама нагадалі пра групу мігрантаў з 32 афганцаў, якая захрасла на мяжы ў раёне Уснаж-Гурны, сярод іх ёсць дзеці.
«Мы заклікаем Беларусь і Польшчу — краіны, якія падпісалі Канвенцыю 1951 года аб бежанцах, — выканаць свае міжнародныя прававыя абавязацельствы і падаць доступ да атрымання прытулку тым, хто да гэтага імкнецца на іх межах», — адзначыў Маро.
Ужо пасля гэтай заявы стала вядома, што польскія памежнікі выявілі яшчэ аднаго загінулага мігранта ў раёне вёскі Кусцінцы недалёка ад памежнага пераходу «Кузніца».