У ААН заклікалі Менск расследаваць смерць Бандарэнкі
Улады Беларусі дагэтуль нічога не паведамілі пра ход і вынікі расследавання па зваротах аб катаваннях і іншых формах жорсткага абыходжання з удзельнікамі акцый пратэсту. Пра гэта гаворыцца ў апублікаванай 13 лістапада заяве прэс-сакратара вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Руперта Колвіла.
„У жніўні мы выказалі заклапочанасць з нагоды таго, што, па ўсёй бачнасці, не было зроблена ніякіх дзеянняў па расследаванні такіх паведамленняў і прыцягненні вінаватых да адказнасці, — адзначыў ён. — Апошнія падзеі толькі ўзмацняюць адчуванне, што паўсюдныя парушэнні правоў чалавека, якія адбываюцца бесперашкодна падчас акцый пратэсту і ў месцах утрымання пад вартай, застаюцца беспакаранымі”.
„Мы нагадваем беларускім уладам пра поўную забарону катаванняў і неабходнасць стараннага, незалежнага і бесстаронняга расследавання ўсіх заяў аб парушэнні правоў чалавека, каб <…> прадухіліць далейшае пагаршэнне сітуацыі. Усе затрыманыя за выказванне сваёй нязгоды або ўдзел у пратэстах, забастоўках і іншых мірных акцыях павінны быць неадкладна вызваленыя, а абвінавачванні супраць іх знятыя”, — падкрэсліў Колвіл.
Прэс-сакратар вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека таксама згадаў пра смерць Рамана Бандарэнкі. Смерць маладога чалавека, паводле яго слоў, прывяла да росту напружанасці і новых пратэстаў. „Улады заявілі, што расследуюць інцыдэнт, але адмаўляюць, што тыя, хто нападаў на Бандарэнку, былі з ліку праваахоўнікаў, — адзначыў ён. — Мы заклікаем беларускія ўлады правесці дбайнае, празрыстае і незалежнае расследаванне гэтага інцыдэнту і адкрыта прадставіць яго вынікі. Калі сапраўды было здзейсненае злачынства, вінаваты ў смерці Рамана Бандарэнкі павінен быць прыцягнуты да адказнасці”.
Колвіл падкрэсліў, што ўпраўленне „глыбока занепакоенае” бягучай сітуацыяй у Беларусі, бо „ўлады працягваюць выкарыстоўваць дзяржапарат з мэтай парушэння правоў чалавека”.
Ён нагадаў, што пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня „беларусы па ўсёй краіне выйшлі на мірныя масавыя дэманстрацыі, каб выказаць сваю незадаволенасць”, а ў адказ сутыкнуліся з „неапраўданым або празмерным ужываннем сілы з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў”.
„[З дня выбараў], паводле некаторых ацэнак, было затрымана больш за 25 тысяч чалавек, у тым ліку больш за тысячу — падчас акцый пратэсту 8 лістапада ў Мінску і па ўсёй Беларусі, — адзначыў афіцыйны прадстаўнік вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. — Многіх затрыманых абвінавацілі ў адміністрацыйным правапарушэнні, у некаторых выпадках людзей каралі арыштам да 15 сутак, але ўлады сталі ўсё часцей прыцягваць людзей да крымінальнай адказнасці”.
„Напрыклад, 231 чалавек, у тым ліку трое журналістаў, затрыманых 1 лістапада, сталі падазраванымі па крымінальнай справе аб арганізацыі і актыўным удзеле ў дзеяннях, якія „груба парушаюць грамадскі парадак”. Па гэтым абвінавачанні прадугледжанае пакаранне да трох гадоў зняволення”, — канстатаваў Колвіл.
Ён звярнуў увагу на тое, што ў апошнія тыдні з „неабгрунтаванымі забаронамі і націскам” сутыкаюцца студэнты і медыкі. Студэнтам, якія ўдзельнічалі ў акцыі ў падтрымку страйкоўцаў, „пагражалі адлічэннем”, з 26 кастрычніка „як мінімум 127 чалавек адлічылі з навучальных устаноў, што паставіла пад пагрозу іх права на адукацыю і перспектывы працаўладкавання”.
„Таксама затрыманні зазналі медыкі, якія ўдзельнічалі ў ланцугах салідарнасці і маршах супраць гвалту і жорсткага абыходжання з удзельнікамі пратэстаў, — нагадаў прэс-сакратар вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. — Падчас мірнай акцыі пратэсту 7 лістапада ў Мінску не менш як 57 медыкаў затрымалі праз пяць хвілін пасля пачатку дэманстрацыі”.
Колвіл таксама звярнуў увагу на паведамленні пра тое, што банкаўскія рахункі многіх „ахвяр гвалту і катаванняў, якія атрымалі фінансавую дапамогу ад дабрачыннага фонду, замарожаныя па загадзе ўладаў”.
Фота: topspb.tv