У аэрапортах РФ у беларусаў пачалі правяраць пашпарты
У грамадзян Беларусі, якія прыбываюць у расейскія аэрапорты, пачалі правяраць пашпарты. Ці стане пашпартны кантроль пастаянным, залежыць ад дамоўленасцяў паміж МЗС Расеі і Беларусі, заявілі БелаПАН у расейскай памежнай службе.
Фота picture-alliance/dpa
Беларусы, якія прыбываюць на самалёце з Менска ў Маскву, паведамляюць у сацсетках, што расейскія памежнікі сталі правяраць у іх пашпарты, хоць рэйс лічыцца ўнутраным і раней такіх праверак не было. У выніку пасажыры вымушаныя больш часу праводзіць у аэрапорце.
Як патлумачылі БелаПАН у памежнай службе ФСБ Расеі, гэта часовая мера, звязаная з тым, што зафіксавана шмат парушэнняў пры перасячэнні мяжы з Беларусі. Грамадзяне трэціх краін заўсёды павінны былі праходзіць пашпартны кантроль, растлумачылі ў памежнай службе. Паколькі ў натоўпе пасажыраў складана выявіць, у каго беларускі пашпарт, а ў каго — замежны, правяраюцца ўсе, хто прыбывае з Беларусі ў Расею.
Ці стане пашпартны кантроль у расейскіх аэрапортах пастаянным, залежыць ад дамоўленасцяў паміж міністэрствамі замежных спраў Расеі і Беларусі. Цяпер гэта пытанне разглядаецца на ўзроўні знешнепалітычных ведамстваў, паведамілі ў расейскай памежнай службе.
Там таксама запэўнілі, што гэта мера не звязаная з увядзеннем Беларуссю пяцідзённага бязвізавага рэжыму для замежнікаў (згодна з указам прэзідэнта Беларусі ад 9 студзеня для грамадзян 80 краін, якія прыбываюць праз Нацыянальны аэрапорт Менск, з 12 лютага будзе дзейнічаць пяцідзённы бязвізавы рэжым).
Намеснік прэс-сакратара Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Антон Бычкоўскі паведаміў, што з беларускага боку такіх новаўвядзенняў няма. „У Нацыянальным аэрапорце Менск пашпартны кантроль грамадзян Беларусі і Расеі на ўнутраных рэйсах па-ранейшаму не ажыццяўляецца, памежнікі працуюць у штатным рэжыме”, — сказаў ён.
У МЗС Беларусі сітуацыю не каментуюць.
Наземны кантроль на беларуска-расейскай мяжы стаў больш жорсткім з лістапада 2016 года. Замежнікам па сутнасці забаранілі транзітам ехаць з Беларусі ў Расею — яны могуць патрапіць туды толькі праз міжнародныя пункты пропуску. На мяжы паміж Беларуссю і Расеяй такіх няма, таму замежным турыстам застаецца ехаць у аб’езд праз Латвію або праз пункт пропуску „Новыя Юркавічы” ў Бранскай вобласці, які мае статус міжнароднага, бо знаходзіцца на стыку межаў Беларусі, Украіны і Расеі.