У Астане праходзіць саміт ЕАЭС у вузкім складзе



У Астане пачалося пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета (ЕАЭС) у вузкім складзе.

Удзел у саміце бяруць кіраўнікі ўсіх дзяржаў ЕАЭС: Арменіі — Серж Саргсян; Беларусі — Аляксандр Лукашэнка; Казахстана — Нурсултан Назарбаеў; Кыргызстана — Алмазбек Атамбаеў і Расеі — Уладзімір Пуцін.

daecca59_resizedScaled_817to399

Адкрываючы сустрэчу, Нурсултан Назарбаеў вітаў сваіх калег.: «Я рады бачыць вас сёння ў Астане для абмеркавання важных пытанняў далейшага развіцця Еўразійскага эканамічнага саюза», — сказаў ён. — «Перш за ўсё, хацелася б павіншаваць з важнай датай усіх нас — з другой гадавінай падпісання дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе, якое адбылося тут у Астане. Расійская Федэрацыя, Казахстан і Беларусь далі старт, склад папоўніўся Арменіяй і Кыргызстанам, і дзейнасць ЕАЭС набірае абароты. Сёння мы сабраліся, каб абмеркаваць і прыняць важныя рашэнні па актуальных пытаннях дзейнасці эканамічнага аб`яднання».

На парадку дня саміту — 14 пытанняў. Лідары краін ЕАЭС, у прыватнасці, плануюць абмеркаваць перспектывы паглыблення інтэграцыі, уключаючы фарміраванне агульных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў, абмяняюцца думкамі наконт пашырэння гандлёва-эканамічных сувязяў аб`яднання з замежнымі краінамі і рэгіянальнымі інтэграцыйнымі аб`яднаннямі. Па выніках перамоў намечана прыняцце шэрагу дакументаў па практычных аспектах функцыянавання ЕАЭС.

Напярэдадні саміту, 30 траўня, у Астане адбылася двухбаковая сустрэча Лукашэнкі з Назарбаевым, падчас якой беларускі кіраўнік заявіў пра неабходнасць пераадолення негатыўных тэндэнцый у двухбаковым гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.

БелаПАН