У асяроддзі цяперашніх і былых банкіраў пачаліся так званыя “чысткі”



Сяргей Румас – былы прэм’ер-міністр Беларусі, былы старшыня праўлення “Белаграпрамбанка”, былы старшыня праўлення „Банка развіцця”.

На пасадзе прэм’ера Румас праслыў у пэўным сэнсе рэфарматарам, падчас падзей жніўня 2020 года гаварылася пра яго прыхільнасць да пратэстоўцаў. Напярэдадні з’явілася неафіцыйная інфармацыя пра яго магчымае затрыманне, але паводле іншай інфармацыі Румас знаходзіцца за мяжой у аднаго са сваіх сыноў.

У той жа час партал TUT.BY, спасылаючыся на тры свае крыніцы, паведаміў пра затрыманне цэлай групы былых і дзейных банкіраў, а таксама прадстаўнікоў камерцыйных структур. У тым ліку топ-мэнэджэраў „Белаграпрамбанка” і былога кіраўніка „Белінвестбанка” Генадзя Сысоева, які ў апошнія гады працаваў у галіне дрэваапрацоўкі. Маўляў, справы звязаныя з карупцыяй, але больш пакуль нічога невядома. Калі ж чытаць паміж радкоў, то нельга выключаць, што ў самых вярхах поўнай хадой пачалося адсейванне так званых “неблаганадзейных асобаў”, і тых, якія апошнім часам не адзначыліся поўнай адданасцю “галоўнакамандуючаму”. Пры тым, што рэй у вярхах улады цяпер вядуць сілавыя структуры. Дарэчы, і Аляксандр Лукашэнка выказваў раней задавальненне, што своечасова разгледзелі некаторых чыноўнікаў і адправілі “каго на пакой, каму проста прапанавалі заняцца бізнесам”. Гэта быў акурат намёк на Сяргея Румаса, здымаючы з пасады якога ў чэрвені 2020 Лукашэнка заявіў, што Румас вырашыў пайсці з дзяржаўнай службы ў бізнес. І так супала, што акурат 4 лютага Вярхоўны суд Беларусі мае намер правесці папярэдняе судовае разбіральніцтва па крымінальнай справе ў дачыненні да былога старшыні праўлення “Белгазпрамбанка” Віктара Бабарыкі ды іншых абвінавачаных.

Бабарыку ў прыватнасці вінавацяць у атрыманні хабару арганізаванай групай у асабліва буйным памеры і „адмыванні” грошай. Праўда, ёсць папярэдняя інфармацыя, што ўдзел у разбіральніцтве возьмуць тыя абвінавачаныя, якія заключылі дасудовыя пагадненні пра супрацоўніцтва, і Віктара Бабарыкі сярод іх няма. А трапіў Бабарыка за краты акурат пасля таго, як вырашыў пазмагацца за пасаду прэзідэнта краіны і адмовіўся ад кіравання банкам. Стаў па іншы бок барыкады. Цяпер і іншым банкірам прыйдзецца нялёгка, асабліва тым, якія маглі дазволіць сабе пэўныя дэмакратычныя вольнасці. Лукашэнка пачынае чысціць свае шэрагі, ствараючы бастыён цалкам яму адданых людзей. Вакол – ворагі, таму пачынаецца паляванне на ведзьмаў. Хоць, канешне, не выключана, што банкіраў могуць трэсці і з той прычыны, што з грашыма ў дзяржавы зусім бяда. Так ці іначай варта памятаць, што заўтра могуць прыйсці і за вамі.

 Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя