У Атэнах прайшлі дэбаты з удзелам Ціханоўскай і міністра замежных справаў Вугоршчыны



Сёння, 1 кастрычніка, у Атэнах прайшлі дэбаты з удзелам Святланы Ціханоўскай і міністра замежных справаў Вугоршчыны  Петэрам Сіяртам.

Як перадае тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай, вядучы запытаў, навошта вугорскі прэм’ер-міністр Віктар Орбан прыязджаў да Лукашэнкі, калі ў краіне ўжо ішлі рэпрэсіі. Сіярта адказаў, што тады адносіны былі «прагматычнымі», але ўсё змянілася: Вугоршчына падтрымала ўсе санкцыі ЕЗ. Ён дадаў, што сустрэча з Макеем не абазначае, што Вугоршчына перастала падтрымліваць беларусаў, і запрасіў Святлану Ціханоўскую з афіцыйным візітам у Будапешт.

Святлана Ціханоўская нагадала, што кожны дзяржаўны лідар павінен памятаць пра адказнасць: «Калі вы падтрымліваеце адносіны з дыктатарам, значыць падтрымліваеце гвалт, катаванні і заключэнне невінаватых у турмы».

Вугорскі міністр заявіў, што Еўропа зрабіла ўсё што магла і не можа ўплываць на сітуацыю. На гэта Ціханоўская адказала: «Мы не можам спыніць барацьбу і пакінуць людзей у турмах. Мы не можам сказаць, што зрабілі ўсё, што маглі. І вы не можаце. Таму што мы змагаемся за каштоўнасці, якія важныя і для вас».

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: tsikhanouskaya.org