У Аўстрыі на выбарах прэзідэнта перамог Аляксандр ван дэр Бэлен
Паводле даных экзіт-полаў, экс-лідар аўстрыяцкай Партыі зялёных Аляксандр ван дэр Бэлен набраў у другім туры прэзідэнцкіх выбараў 53,6 % галасоў, а кандыдат ад правай Партыі свабоды Норберт Хофер – 46, 4%.
Хофер ужо прызнаў сваю паразу і заклікаў жыхароў Аўстрыі выявіць салідарнасць. Прыгадаем, што першы тур выбараў, які прайшоў у красавіку бягучага году, выйграў Хофер, які апрача іншага ведамы адкрытай падтрымкай расейскай агрэсіі ва Ўкраіне.
У другім туры, які прайшоў у траўні, перамог ужо ван дэр Бэлен, але Хофер абскардзіў вынікі выбараў, заявіўшы, што галасы, паданыя праз пошту, не былі апрацаваныя належным чынам. У ліпені Канстытуцыйны суд Аўстрыі адмяніў вынікі травеньскага другога туру і прызначыў паўторнае галасаванне. І на гэты раз зноў перамог Аляксандр ван дэр Бэлен. Адкрыты прыхільнік Пуціна Хофер, які агітуе за адмену еўрапейскіх санкцый супраць Расеі, пацярпеў паразу.
Беларускае Радыё Рацыя