У Бабруйску цкуюць сям’ю актывіста Алега Жалнова



У Бабруйску ўлады жорстка распраўляюцца з сям’ёй грамадскага актывіста Алега Жалнова, за тое, што ён выстаўляе у інтэрнэце крытычныя відэаролікі пра дзейнасць міліцыі, гарадскіх службаў.

“Ціск на сям’ю грамадскага актывіста з Бабруйску Алега Жалнова ўпісваецца ў рэпрэсіўныю сістэму, створаную ў Беларусі”, – заявіў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Віталь Рымашэўскі на адмысловай прэсавай канферэнцыі ў Менску.

Алег Жалноў выстаўляе ў інтэрнэт відэаролікі, на якіх зафіксаваныя парушэнні законаў з боку міліцыі, ДАІ, іншых дзяржаўных службаў. За апошні час супраць Жалнова, яго жонкі пачалі крымінальныя справы.

Нядаўна ён сам быў збіты невядомамі. А сын Жалнова, Аляксей, асуджаны на 3 гады абмежавання волі.

Па словах Віталя Рымашэўскага, чамусьці менавіта на Магілёўшчыне стварылася цэлая сістэма ціску на палітычных і грамадскіх актывістаў

– Хачу нагадаць пра тое, што здарылася з Вячаславам Шэлегам, з яго дачкой, якую вывезлі ў лес – яна была збітая каля школы, пасля ў яе быў вымазаны твар. У Бабруйску супраць сябраў Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі, у прыватнасці, на Таісію Кабанчук – папярэджанні, выклікі ў КДБ, распісванне платоў абразлівымі надпісамі. Па Магілёўскай вобласці, як нідзе шмат, вынесена папярэджанняў для сябраў беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

Відавочна, што ціск на актыўных грамадзянаў у Беларусі павялічваецца, нягледзячы на спробы ўзнавіць дыялог беларускіх уладаў з дэмакратычнымі краінамі Захаду, на скарачэнне спісу неўяздных.

Рэпрэсіі набываюць новыя якасці – пад іх трапляюць ужо сем’ямі, – кажа Віталь Рымашэўскі. „Таму мы звернемся да беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацыяў з просьбай узяць гэты факт пад асаблівую ўвагу, – запэўніў палітык.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Як распавёў Алег Жалноў на адмысловай прэсавай канферэнцыі ў Менску, яго дзейнасць пачалася некалькі гадоў, калі давялося сутыкнуцца з нахабнай несправядлівасцю дзяржаўных установаў. За гэты час ён наздымаў і выставіў у інтэрнэт каля 200 матэрыялаў

– Усё скончылася тым, што пачалі адну крымінальную справу, пасля другую крымінальную справу ў адносінах да мяне. Некалькі адміністрацыйных справаў спрабавалі загрузіць па поўнай праграме, каб я перастаў нарэшце здымаць- запалохвалі такім чынам. У выніку бачаць, што са мной нічога нельга зрабіць, супрацоўнікі міліцыі пераключыліся на маю сям’ю. Яны пачалі крымінальную справу ў адносінах сына. Пасля па гэтым жа артыкуле – нанясенне цялесных пашкоджанняў -супрацоўніку міліцыі пачалі крымінальную справу ў адносінах жонкі.

Па словах Аляксея Жалнова, хаця справу супраць яго жонкі спынілі, сын быў асуджаны на 3 гады абмежавання волі, так званай „хіміі”. Абскарджванне прысуду не дало вынікаў – прысуд пакінуты ў сіле.

Акрамя таго, на самого Алега Жалнова быў здейснены напад. Двое невядомых больш месяца таму напалі на яго і нанеслі чэрапна – мазгавую траўму. Пасля гэтага былі пагрозы па тэлефоне. Аднак у тое, што справа аб бандыцкім нападзе на яго будзе расследавана, Жалноў не верыць

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя