У Беларусь прыбыла 13-я калона ПВК Вагнера
У Беларусь прыбыла чарговая, трынаццатая па ліку калона ПВК „Вагнер”. Яна рухалася па трасе М5 ад Бабруйска ў напрамку Асіповічаў і далучылася да вагнераўцаў, якія ўжо размясціліся ў Беларусі.
Новая калона налічвае як мінімум 80 адзінак аўтамабільнай тэхнікі, піша праект «Беларускі Гаюн». У калоне прысутнічаюць сярод іншага бронеаўтамабілі «Шчупак». Характэрна, што некаторыя бронеаўтамабілі рухаліся са змененай задняй часткай — на іх нанесены крыж, як на санітарную машыну. Таксама ў калоне заўважылі шэры аўтобус з чырвона-зялёным спалучэннем кветак і афіцыйным гербам Беларусі. Машыны рухаюцца на нумарах «ЛНР» і Расеі, у суправаджэнні ДАІ. Калона накіроўваецца ў вёску Цэль Асіповіцкага раёна, дзе ўжо месцяцца вагнераўцы, якія прыехалі ў папярэдніх калонах.
Паводле ацэнак „Беларускага Гаюна”, у Беларусі цяпер прынамсі 3500–3700 баевікоў групы „Вагнера”. У адным з тэлеграм-каналаў, блізкіх да ПВК „Вагнер”, сцвярджалася, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч наймітаў.
Раней Міністэрства абароны Беларусі паведамляла ў сваім тэлеграм-канале, што беларускія вайскоўцы праводзяць трэніроўкі разам з байцамі ПВК „Вагнер” на палігоне Берасцейскі, які размешчаны ўсяго за некалькі кіламетраў ад мяжы з Польшчай і недалёка ад мяжы ўкраінскай. У Галоўным упраўленні выведкі Украіны мяркуюць, што асноўная функцыя, якую будуць выконваць вагнераўцы ў Беларусі, якраз і будзе зводзіцца да правядзення інструктажу беларускіх вайскоўцаў, а таксама застрашвання суседніх краінаў NATO.
Беларускае Радыё Рацыя