У Беларусь прыбылі яшчэ 2 калоны ПВК „Вагнер”



Маніторынгавы праект „Беларускі Гаюн” 19 ліпеня паведаміў, што зафіксаваў прыбыццё яшчэ 2 калонаў ПВК „Вагнера” ў Беларусь. Прыбыццё другой калоны таксама зафіксавалі чытачы выдання „Зеркало”.

У раёне 2-й гадзіны ночы 19 ліпеня па трасе Р43 з боку Рагачова ў напрамку Бабруйска рухалася 7-я калона ПВК „Вагнер”, паведамляе „Беларускі Гаюн”. 

Яна налічвала сама меней 50 адзінак тэхнікі наймітаў ПВК „Вагнера”, сярод якой былі заўважаныя: пікапы, мінімум 2 аўтобусы ПАЗ, КамАЗы і Уралы тэнтаваныя, сама меней 8 „буханак” і фуры. Калона рухалася ў суправаджэнні ДАІ Беларусі, частка тэхнікі была пазначаная лістамі з парадкавым нумарам.

Таксама сёння раніцай расейска-беларускую мяжу перасекла 8-я калона ПВК „Вагнер”, яна прайшла, як і ўсе папярэднія, па Р43 і далей па М5. У раёне 15:30 яна ўжо рухалася па трасе М5 ад Бабруйска ў напрамку да Асіповічаў.

Паводле інфармацыі праекту „Беларускі Гаюн”, 8-я калона наймітаў Прыгожына налічвала каля 100-150 аўтамабіляў. Большасць машын на нумарах так званай „ЛНР”.