У Беларусь прыбыў гуманітарны груз з Кітая



У нацыянальны аэрапорт Мінск увечары 1 красавіка даставілі гуманітарны груз з Кітая ў рамках дапамогі для барацьбы з каранавірусам COVID-19.

На борце самалёта Airbus A330 рэагенты для правядзення тэстаў на выяўленне каранавіруса, а таксама ахоўныя касцюмы, акуляры, медыцынскія пальчаткі, бахілы і інфрачырвоныя тэрмометры, паведаміў тэлеканал „Беларусь 1”.

Самалёт прыляцеў у суправаджэнні кітайскіх спецыялістаў, якіх у аэрапорце сустрэлі намеснік міністра аховы здароўя Барыс Андрасюк і пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі Цуй Цымін.

„Тэсты будуць накіраваныя ў нашу цэнтральную лабараторыю (РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі. — БелаПАН.). А сродкі абароны — у першую чаргу ў тыя бальніцы, дзе найбольшая колькасць пацыентаў. Гэта інфекцыйная бальніца, 6-я клініка — непасрэдна тым, каму цяпер гэта проста неабходна”, — сказаў Андрасюк.

У сваю чаргу пасол Кітая падкрэсліў, што гэта партыя гуманітарнай дапамогі — толькі першая партыя, выдзеленая ўрадам КНР Беларусі для барацьбы з каранавірусам новага тыпу.

Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, пасольства рыхтуецца набыць 10 тыс. тэст-сістэм з рэагентамі для выяўлення каранавіруса, арганізуе закупку масак, ахоўнага адзення, інфрачырвоных тэрмометраў, пульсаксіметраў і іншых медыцынскіх матэрыялаў у падарунак беларускаму боку. Урад Кітая плануе накіраваць у Беларусь групу медыцынскіх экспертаў — для абмену вопытам і кансультацый.

У пачатку лютага Беларусь стала першай краінай у свеце, якая аказала гуманітарную дапамогу КНР. У кітайскі горад Ухань даставілі 40 тон медрэсурсаў для барацьбы з COVID-19.

Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік раней паведаміў журналістам, што першы самалёт з гуманітарнай дапамогай з КНР даставіць больш за 2 тыс. набораў экспрэс-тэстаў, медыцынскія акуляры, тэрмометры. Каранік адзначыў, што Беларусь „шчыльна працуе” з Кітаем па далейшым супрацоўніцтве ў гэтай галіне.

Кіраўнік Міністэрства аховы здароўя паведаміў, што з`явілася шмат экспрэс-тэстаў кітайскай і еўрапейскай вытворчасці. „Цяпер ідзе працэс валідацыі, доказу высокай ступені дакладнасці экспрэс-тэстаў, якія працуюць на аснове аналізу крыві. Мы ўжо замовілі некалькі дзясяткаў тысяч экспрэс-тэстаў. Будзем размяшчаць іх у прыёмных пакоях бальніц. Паколькі тэсты патрабуюць забору крыві, то ў аэрапорце або на мяжы іх не зробіш”, — растлумачыў ён.

belapan.by

Фота: телеграм-канал «Афіцыйны Мінздароўя”