У Беларусі 493 палітвязні



Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 11 чалавек, піша сайт ПЦ „Вясна”. Гэта Аляксандр Емельяновіч, Сяргей Шчыценка, Алег Кулеша, Мікалай Ісаенка, Сяргей Касцюкевіч, Барыс Ляшкевіч, Віталь Літвін, Глеб Раманаў, Данііла Хабавец, Аляксандр Цімафееў, Вячаслаў Трафімук. Ім вынесеныя прысуды або выстаўленыя абвінавачанні ва ўдзеле ў масавых беспарадках і групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. 

Такім чынам, палітвязнямі ў Беларусі прызнаныя ўжо 493 чалавекі.

Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць з-пад варты пералічаных палітвязняў і спыніць іх крымінальны пераслед. Таксама яны заклікаюць вызваліць усіх палітвязняў і людзей, затрыманых за мірныя сходы ў паслявыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Беларускае Радыё Рацыя