У Беларусі адзначаецца Дзень Канстытуцыі
15 сакавіка ў нашай краіне адзначаецца Дзень Канстытуцыі. Першы Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь быў прыняты ў 1994 годзе. Канстытуцыю прымаў Вярхоўны Савет на чале з тагачасным спікерам Мечыславам Грыбам. Ягоны подпіс і стаіць пад дакументам.
У лістападзе 1996 года Канстытуцыя была змененая з ініцыятывы прэзідэнта Беларусі. Змены надалі больш правоў кіраўніку дзяржавы і істотна абмежавалі магчымасці парламента.
У сёлетнім віншаванні са святам Аляксандр Лукашэнка адзначыў: „Павага да сваіх сімвалаў дзяржаўнасці — гэта найважнейшы паказчык патрыятызму, грамадзянскасці і палітычнай культуры народа. Менавіта Асноўны Закон служыць галоўнай прававой апорай нашай незалежнай і суверэннай краіны, гарантам правоў і свабодаў грамадзянаў, залогам паспяховай рэалізацыі стратэгіі далейшага развіцця Беларусі”.