У Беларусі больш за 900 палітычна матываваных крымінальных спраў



У Беларусі ўжо больш за 900 палітычна матываваных крымінальных спраў, пачатых з вясны 2020-га, калі пачалася кампанія па выбарах прэзідэнта, паведамляюць праваабаронцы. Іх фігуранты — удзельнікі прэзідэнцкай гонкі, актывісты штабоў прэтэндэнтаў і кандыдатаў ды пратэстоўцы.

Па артыкуле „Масавыя беспарадкі” (арт. 293 КК) праходзіць не менш за 168 чалавек. Таксама масава заводзіліся справы па артыкуле 342 „Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак” (самы вядомы выпадак — „справа Сяргея Ціханоўскага„). Пасля вулічнай акцыі на Дзяды Следчы камітэт заявіў, што распачаў адразу 231 крымінальную справу па згаданым артыкуле.

Таксама апазіцыянеры ды пратэстоўцы праходзяць па артыкулах „Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак” (арт. 363 КК), „Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў” (арт. 364 КК), „Ухіленне ад сплаты падаткаў” (арт. 243 КК), „Хуліганства” (арт. 339 КК), „Паклёп” (арт. 188 КК) і г. д.

Па ўсёй краіне ўжо праходзяць суды. Праваабаронцы сабралі больш за паўтысячы імёнаў і прозвішчаў людзей, якія праходзяць па гэтых крымінальных справах. 141 чалавек з іх ужо прызнаны палітвязнем.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Dmitri Lovetsky / AP