У Беларусі пачала дзейнічаць новая Ваенная дактрына



26 ліпеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале афіцыйна апублікаваны падпісаны кіраўніком Беларусі 20 ліпеня закон „Аб зацвярджэнні Ваеннай дактрыны Рэспублікі Беларусь”. Артыкулам 4 гэтага закона прадугледжана, што ён набывае моц пасля афіцыйнага апублікавання.

Belarussian servicemen salute from tanks, as they take part in a military parade, during celebrations marking Independence Day in Minsk...Belarussian servicemen salute from tanks, as they take part in a military parade, during celebrations marking Independence Day in Minsk July 3, 2013.  REUTERS/Vasily Fedosenko (BELARUS - Tags: MILITARY SOCIETY)

Фота Reuters

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прыняла законапраект 16 чэрвеня, Савет Рэспублікі ўхваліў 30 чэрвеня.

Як заявіў, выступаючы ў верхняй палаце парламента, міністр абароны генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў, „Ваенная дактрына вызначае асноўныя напрамкi ваеннай палiтыкi дзяржавы на сучасным этапе развіцця і будзе служыць базісам для ўсіх прававых актаў, якія распрацоўваюцца па пытаннях забеспячэння ваеннай бяспекі дзяржавы”.

У аснову Ваеннай дактрыны, паводле слоў міністра, пакладзеныя высновы з сістэмнага аналізу ваенна-палітычнага становішча. „Асаблівы акцэнт пры гэтым зроблены на негатыўных тэндэнцыях, звязаных з распрацоўкай канцэпцый каляровых рэвалюцый і механізмаў па змяненні канстытуцыйнага ладу, парушэннях тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржаў шляхам правакавання ўнутраных узброеных канфліктаў”, — сказаў ён.

„У законапраекце сфармуляваны пералік асноўных знешніх і ўнутраных ваенных небяспекаў для Рэспублікі Беларусь. Ён значна пашыраны. Акрамя традыцыйных фактараў, якія ўплываюць на фарміраванне ваенных небяспекаў, улічаныя фактары, карані якіх ляжаць па-за ваеннай сферы, але істотна ўплываюць на забеспячэнне абароны краіны”.

Паводле слоў Раўкова, пашыраны і спектр мер, якія будуць прымацца дзяржавай для забеспячэння сваёй ваеннай бяспекі.

„Упершыню выкладзена актыўная пазіцыя ў дачыненні да прадухілення ваенных канфліктаў шляхам прыняцця прэвентыўных мер стратэгічнага стрымлівання ўсімі кампанентамі ваеннай арганізацыі дзяржавы”, — падкрэсліў міністр абароны.

У новай Ваеннай дактрыне, паводле яго слоў, закладзеныя новыя падыходы да ацэнкі характару сучасных ваенных канфліктаў. „Пры гэтым улічаныя ўсе магчымыя варыянты развязвання агрэсіі супраць Рэспублікі Беларусь, у тым ліку ўнутраны ўзброены канфлікт, справакаваны звонку”, — адзначыў Раўкоў.

У новай рэдакцыі дактрыны, паводле слоў міністра, пазначаныя асноўныя напрамкі эканамічнага забеспячэння функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы, уключаючы эфектыўнае і рацыянальнае выкарыстанне магчымасцяў дзяржаўнага абароннага заказу з улікам рынкавых механізмаў, а таксама навукова-тэхнічнага задзела і вытворчага патэнцыялу абароннага сектара эканомікі краіны.

Раўкоў звярнуў увагу на тое, што разам з устаноўкай прыярытэтаў на саюзніцкія адносіны ў дактрыне „прадэклараваная і зацікаўленасць у развіцці добрасуседскіх і партнёрскіх адносін з Еўрапейскім Звязам, імкненне да павышэння адкрытасці і развіцця ўзаемаразумення з NATO”. „Мы адкрытыя для супрацоўніцтва ў ваеннай сферы для ўсіх, але пры адной умове — захаванне нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь”, — заявіў міністр.

„Нягледзячы на глыбокую перапрацоўку змястоўнай часткі, дакумент захаваў сваю абарончую накіраванасць”, — сказаў Раўкоў.

belapan.by