У Беларусі пачаўся этап вылучэння кандыдатаў у дэпутаты
У Беларусі пачаўся этап вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання. Згодна з зацверджаным Цэнтрвыбаркамам планам правядзення выбараў, ён будзе доўжыцца да 7 кастрычніка.
Правам вылучэння кандыдатаў у дэпутаты валодаюць палітычныя партыі, працоўныя калектывы і грамадзяне — шляхам збору подпісаў. Пікеты для збору подпісаў можна праводзіць паўсюдна, за выключэннем зон і тэрыторый, вызначаных мясцовымі ўладамі.
Так, у Менску забаронена праводзіць пікеты на аб’ектах метрапалітэна, чыгуначнага і паветранага транспарту, мастах і пуцеправодах, праезнай частцы аўтамабільных дарог, у падземных пешаходных пераходах, а таксама на Кастрычніцкай і Прывакзальнай плошчах, плошчах Незалежнасці, Перамогі, Дзяржаўнага сцяга, Якуба Коласа. Гэта замацавана ў рашэнні Мінгарвыканкама № 2632 ад 22 жніўня.
У сталіцы таксама нельга збіраць подпісы бліжэй чым за 200 метраў ад рэзідэнцыі прэзідэнта, будынкаў парламента і ўрада, бліжэй чым за 50 метраў ад будынкаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых органаў улады, дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, судоў, органаў пракуратуры, а таксама тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абараназдольнасць і бяспеку дзяржавы.
Пікеты можна праводзіць з 8 да 22 гадзін.Выбары ў Палату прадстаўнікоў адбудуцца 17 лістапада.