У Беларусі падкарэктуюць дзяржаўны герб
У дзяржаўны герб Беларусі плануецца ўнесці змены. Адпаведныя папраўкі ў закон аб дзяржаўных сімвалах распрацаваныя і накіраваныя ў парламент, паведаміў міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі на прэс-канферэнцыі 13 лютага. Паводле яго слоў, тэрміны прыняцця дакумента пакуль не вызначаныя.
Паводле слоў Сліжэўскага, да выявы дзяржаўнага герба ўзнікалі пытанні, у геральдычным савеце пры прэзідэнце на падставе розных меркаванняў правялі ацэнку і прыйшлі да высновы, што выява мае патрэбу ва ўдасканаленні.
„Цяпер зорка ўверсе герба мае выразныя грані. У такім выглядзе сімвал больш ужываецца ў мілітарызаваных выявах, бо носіць ваяўнічы характар. Рэспубліка Беларусь — міралюбная дзяржава, якая захоўвае нейтралітэт, не разглядае агрэсію як спосаб сваёй палітыкі. Неабходна прывесці герб у адпаведнасць з міралюбным зместам, каб герб успрымаўся пазітыўна”, — растлумачыў кіраўнік ведамства.
Акрамя таго, плануецца змяніць малюнак паралеляў і мерыдыянаў. „Складваецца ўражанне, што яны знаходзяцца над самім зямным шарам, і ён атрымліваецца змешчаным у нейкую клетку. Неабходна, каб герб быў выкананы ідэальна і ўспрымаўся пазітыўна”, — адзначыў Сліжэўскі.
На пытанне, колькі сродкаў з бюджэту будзе выдаткавана на абнаўленне дзяржаўнага сімвала, міністр заявіў: „Разлікаў я не памятаю. Але калі змены будуць прынятыя, будзе прадугледжаны пераходны перыяд. Гэта не будзе зроблена за адзін раз, што на працягу дня ўсе павінны замяніць, паколькі гэта запатрабуе пэўных сродкаў”.