У Беларусі прайшоў першы анлайн-мітынг



Першы ў Беларусі анлайн-мітынг арганізаваў 1 траўня на youtube-канале „АГП-ТБ” былы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Акцыя доўжылася паўгадзіны, на піку яе адначасова глядзелі 632 чалавекі. На 13-ю гадзіну 1 мая агульная колькасць праглядаў перавысіла 7 тыс.

„Каранавірус уплывае на наша жыццё, уносіць новыя планы, матывуе для пошуку новага, пра што мы не думалі ўчора” — такімі словамі адкрыў анлайн-акцыю Анатоль Лябедзька.

Ён назваў тры плюсы гэтай формы актыўнасці: бяспека (адсутнасць пераследу з боку дзяржавы), таннасць (неабходна аплаціць толькі інтэрнэт), магчымасць „убачыць і паслухаць вядомых грамадзян Беларусі”.

У запісы былі паказаныя выступленні кінарэжысёра Юрыя Хашчавацкага, журналісткі Святланы Калінкінай, блогераў Сяргея Пятрухіна і Уладзіміра Mozgon, акцёра Аляксандра Рэзнікава, палітыка Таццяны Сівачэнкі, кіраўніка Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, кіраўніка праекта „Народны падручнік” Сяргея Альшэўскага, в.а. старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова.

Акрамя таго, арганізатары выкарысталі некалькі нашумелых заяў на дзяржаўным тэлебачанні: карэспандэнта СТВ Рыгора Азаронка аб коронавирусе і прэс-сакратара Аляксандра Лукашэнкі Наталлі Эйсмант аб дыктатуры як брэндзе Беларусі.

Анлайн-мітынг быў арганізаваны фактычна за некалькі дзён, паведаміў БелаПАН Лябедзька.

„Каранавірус прымушае шукаць новыя метады працы ў анлайне. І першы блін апынуўся не камяком. Мы чакаем некалькі дзясяткаў тысяч праглядаў. Усе гэтыя людзі наўпрост або ўскосна саўдзельнічаюць у правядзенні мітынгу”, — заявіў палітык.

Лябедзька параўнаў статыстыку праглядаў з апошнімі афлайн-мерапрыемствамі апазіцыі і палічыў анлайн-мітынг паспяховым.

Асноўнымі тэмамі цяперашняй акцыі, паводле яго слоў, былі: неабходнасць сумленных выбараў, адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і „новая Беларусь”. У планах — правядзенне анлайн-мітынгу-рэквіема да ўгодак выкрадання і забойства былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі.

belapan.by