У Беларусі пройдуць комплексныя вучэнні з удзелам 6 тыс. вайскоўцаў



Праверка баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці войскаў Узброеных сіл Беларусі пераходзіць да актыўнай фазы — комплексных вучэнняў, паведамляе прэс-служба Мінабароны.

„Цяпер войскі, якiя прыцягваюцца да праверкі, на палігонах і ўчастках мясцовасці занялі зыходныя раёны па вучэннях, завяршаюць іх фартыфікацыйнае абсталяванне і знаходзяцца ў гатоўнасці да выканання вучэбна-баявых задач”, — гаворыцца ў паведамленні.

Усяго ў манеўрах мяркуецца задзейнічаць каля 6 тыс. чалавек асабістага складу, а таксама каля 200 адзінак рознага ўзбраення.

„Комплексныя вучэнні, якія маюць адбыцца, не толькі дадуць магчымасць ацаніць узровень падрыхтоўкі войскаў, але і з’яўляюцца адной з мер рэагавання на шматнацыянальныя манеўры НАТА каля нашых меж”, — паведамляе абароннае ведамства.

Вучэнні НАТА Defender Europe 20 планавалася правесці вясной 2020 года на тэрыторыі 10 дзяржаў Еўразвяза. Паводле інфармацыі сайта арміі ЗША ў Еўропе, амерыканскія войскі і тэхніка прыбылі ў Еўропу ў лютым, дзе планавалі знаходзіцца да ліпеня 2020 года ўключна. Самі манеўры былі запланаваны на красавік—травень. Чакалася, што ў іх возьме ўдзел кантынгент з 18 краін — каля 37 тыс. вайскоўцаў НАТА і краін-партнёраў, у тым ліку 20 тыс. амерыканскіх салдат. 19 сакавіка генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг падчас прэс-канферэнцыі паведаміў пра змены ў праграме вучэнняў з-за каронавіруса: некаторыя мерапрыемствы адменены, шэраг іншых адкладзены ці памянялі фармат.

Раней у Нарвегіі з-за пандэміі каронавіруса былі адменены шматнацыянальныя вучэнні „Халодны адказ — 2020”, якія планавалася правесці з 8 па 18 сакавіка з удзелам Бельгіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Даніі, Нідэрландаў, ЗША, Фінляндыі, Францыі і Швецыі. У якасці назіральнікаў у іх павінны былі ўдзельнічаць два прадстаўнікі Узброеных сіл Беларусі.

belapan.by